У Польшчы будуць судзіць яшчэ аднаго беларускага шпіёна


Апеляцыйная пракуратура ў Варшаве скіравала ў суд справу супраць грамадзяніна Беларусі Юрыя К., якога падазраваюць у шпіёнстве. Яму пагражае да 10 гадоў зняволення.

«Юрый К. Пісаў у лістах з ізалятара, што ён не шпіён. Аднак, паводле Агенцтва ўнутранай бяспекі, раней рабіў усё, каб даць зразумець, што выконвае ў Польшчы выведныя заданні», – пішуць польскія медыі са спасылкаю на ананімную крыніцу у Агенцыі (ABW).

Дэталі справы супраць Юрыя К. для журналістаў пакуль недаступныя.

Два разы падвойны агент

Шпіёнскі скандал з удзелам беларусаў разгарэўся год таму. Ужо асуджаны іншы шпіён – беларус Аляксандр Лянюк, які некалькі гадоў вадзіў за нос польскую вайсковую выведку.

Польскія вайскоўцы лічылі яго сваёй крыніцаю ў беларускіх спецслужбах і за інфармацыю заплацілі яму больш за $ 300 тыс. Аднак гэтая інфармацыя была ілжывая. Паводле следчых, Лянюк паведамляў у Менск, якую інфармацыю хоча атрымаць польская выведка.

Злачынства раскрылася  пасля таго, як Вайсковая інфармацыйная служба ў Польшчы была ліквідаваная і польскія спецслужбоўцы прааналізавалі звесткі ад беларускай «крыніцы».

Шматвектарны КДБ

Польская Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) ў 2014 годзе апублікавала гадавую справаздачу, у якой зазначае, што самыя актыўныя шпіёны ў Польшчы – гэта працаўнікі беларускага КДБ і расейскай Службы вонкавай выведкі.

Беларускія шпіёны канцэнтруюць свае высілкі ў гаспадарчай галіне. Сярод іншага гэта «пошук рынкаў для беларускіх тавараў, фірмаў, што гатовыя інвеставаць у Беларусі, а таксама магчымасці атрымання сродкаў з праграмаў дапамогі Еўразвязу».

У справаздачы гаворыцца, што «польскі кірунак» для беларускай выведкі – адзін з прыярытэтных. «Выведка Беларусі спрабавала атрымаць звесткі, што датычаць такіх галінаў, як польскі збройны сектар, функцыянаванне польскага войска, структуры сістэмы ўнутранай бяспекі Польшчы», – гаворыцца ў справаздачы.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары