У Польшчы апублікаваная база дадзеных наглядальнікаў Асвенціму


У яе ўвайшлі 9686 чалавек, якія працавалі ў канцлагеры Асвенцім (Аўшвіц-Біркенаў) з моманту яго заснавання да ліквідацыі. Звесткі апублікаваў Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы.

Пра кожнага з наглядальнікаў сабрана ўся даступная інфармацыя. У тым ліку, дата і месца нараджэння, тэрмін службы і службовы нумар. Часам таксама прыводзяцца і фатаграфіі.

У тых выпадках, калі наглядальнікаў судзілі пасля вайны, прадстаўлены дакументы судовага разбору. Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы адзначае пры гэтым, што толькі 12 адсоткаў супрацоўнікаў SS, якія служылі ў Асвенціму, былі асуджаныя. Пры гэтым мяркуецца, што некалькі дзясяткаў былых наглядальнікаў да гэтага часу жывыя.

Паводле Інстытута нацыянальнай памяці, база дадзеных наглядальнікаў Асвенціма будзе даступная ў інтэрнэце.

«Сёння гістарычны дзень і гэта толькі пачатак вялікага праекту. Мы пачалі з Асвенціма, але затым плануем пашырыць базу дадзеных на [наглядальнікаў] іншых лагераў смерці», – сказаў кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Яраслаў Шарэк.

Чытайце таксама: Апошні вырак за Галакост? У Нямеччыне судзяць «бухгалтара Асвенціму»

Канцэнтрацыйны лагер Асвенцім дзейнічаў на тэрыторыі Польшчы з 1940 па 1945 гады. Дакладных дадзеных аб колькасці асоб, якія загінулі ў Асвенціму, няма, бо ўсе дакументы канцлагера былі знішчаныя.

Паводле ацэнак польскіх уладаў, апублікаваных да 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны, у Асвенціме загінулі каля 1,1 млн. чалавек, у тым ліку 960 тысяч габрэяў. Мемарыяльны музей Галакосту ў ЗША ацэньвае колькасць загінулых у Асвенціму габрэяў у мільён чалавек.

Асвенцім лічыцца галоўным сімвалам Галакосту. Дзень вызвалення гэтага лагера – 27 студзеня 1945 году – адзначаецца як Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту.

Стужка навінаў