У Польшчы адзначылі гадавіну Варшаўскага паўстання


Варшава раз на год спыняецца на хвіліну. Замірае транспарт і людзі. 73 гады таму пачалося Варшаўскае паўстанне – адная з самых гераічных і адначасова трагічных старонак польскае гісторыі.

Гадавіна даўно сталася не толькі варшаўскім, але і агульнапольскім днём памяці гераічнае барацьбы з нацыстамі. Прэзідэнт, прэм’ер, дый уся палітычная эліта краіны аддаюць пашану ветэранам паўстання і падкрэсліваюць, што гэта быў не проста чарговы крывавы момант у самай жахлівай вайне.

«Паўстанне, магчыма, не перамагло, але запісалася ў польскую гісторыю, і дзякуючы таксама гераізму варшаўскіх паўстанцаў сталася магчымым вяртанне незалежнасці на мяжы васьмідзесятых – дзевяностых гадоў, дзякуючы ім паўстала чарговае пакаленне, якое не пагадзілася на савецкую дамінацыю», – зазначыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

СССР не ўмяшаўся, каб нацысты і палякі забілі адзін аднаго

50 тысяч жаўнераў польскай Арміі Краёвай і жыхароў Варшавы на 63 дні адбілі цэнтральную частку гораду з рук нацыстаў. Але паўстання не падтрымала Чырвоная Армія, якая прыпыніла сваё наступленне на ўсходнім беразе Віслы. Сталін прапаноўваў польскаму ўраду ў выгнанні далучыцца да будучага камуністычнага апарату ўлады. Пасля адмовы СССР канчаткова адмовіўся ад ідэі дапамагчы паўстанцам.

У баях з нямецкіх гарнізонам і ўдарнымі групамі СС загінулі прыблізна 16 тысяч паўстанцаў. Падчас здушэння паўстання нацысты знішчылі каля чвэрці гораду, зраўняўшы на загад Гітлера з зямлёю агулам трэцюю частку Варшавы пасля перамогі. Карная аперацыя знішчыла да 200 тысячаў мірных жыхароў польскае сталіцы. Больш як паўмільёна варшавякаў былі вывезеныя на прымусовыя працы або ў канцэнтрацыйныя лагеры. Калі Чырвоная Армія ўвайшла ў горад, там заставалася не больш за тысячу чалавек. Гэтыя падзеі жывыя і ў памяці сённяшніх варшавякаў.

Сёння ацэнка паўстання розніцца

Хаця ніхто ў Польшчы не будзе спрачацца з гераізмам паўстанцаў, яго мэтазгоднасць ставяць пад пытанне. Экс-міністр замежных справаў краіны Радослаў Сікорскі назваў паўстанне нацыянальнаю катастрофаю, гэтыя словы тагачасная апазіцыя акрэсліла як «расейскі падыход да гісторыі».

Глядзіце таксама:

НМ, Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Стужка навінаў