У Полацку педагогу, які разам з вучнямі граміў магілы, далі 10 гадоў


У Полацку суд пакараў 25-гадовага педагога, які ў лістападзе мінулага года разам з вучнямі выпіў піва, а затым пачаў граміць магілы на могілках «Экімань» на ўскраіне гораду, 10 гадамі пазбаўлення волі.

Малады чалавек вёў гурток па ваеннай гісторыі ў палацы дзяцей і моладзі ў Полацку, а ягонымі змоўнікамі сталі двое ягоных 16-гадовых вучняў. Педагог выпіў піва з падлеткамі на могілках, а затым яны сталі здзекавацца з пахаванняў. За некалькі гадзінаў яны пашкодзілі 67 магіл. Шкода склала каля 280 млн недэнамінаваных рублёў.

Пра гэта ў эфіры «Альфа Радыё» паведаміла прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова.

Мінулым летам матэрыялы крымінальнай справы паступілі ў суд Полацкага раёну. Абвінавачаным інкрымінавалі здзек з магілаў (ч.1 арт. 347 Крымінальнага кодэксу) і наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 218 Крымінальнага кодэксу). У выніку суд пастанавіў пазбавіць педагога волі на 10 гадоў. Падлеткі атрымалі па 7 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 3 гады.

Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу.

МЯ, паводле telegraf.by

Стужка навінаў