У Пінску раскрыта карупцыйная схема ў будаўніцтве


Арышт былога дырэктара пінскага УКСу раскрыў схему карупцыі ў сферы будаўніцтва ў Беларусі. За два гады чыноўнік сам сабе выпісаў грашовых прэміяў і бязвыплатных дапамог на суму больш за 13,5 тысяч долараў.

У Пінску затрымалі былога дырэктара дачынага ўнітарнага прадпрыемства па капітальнаму будаўніцтву «УКС гораду Пінску».

Паводле інфармацыі пінскага тэлеканалу «Вараг», 20 лютага, у выніку супольнай праверкі пінскай управы Камітэту дзяржкантролю, управы Дэпартаменту фінансавых раследванняў і мясцовай міжраённай пракуратуры, распачата крымінальная справа ў дачыненні былога дырэктара дачынага ўнітарнага прадпрыемства па капітальным будаўніцтве «УКС гораду Пінску».

Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі праверкі шэрагу будаўнічых прадпрыемстваў галіны рэгіёна, падчас якіх былі выяўлены шматлікія парушэнні закона.

Правяральшчыкі выявілі завышэнні кошту і аб’ёмаў будаўнічых работ на аб’ектах, што кантраляваў пінскі УКС. Праверка паставіла пытанне аб кампетэнтнасці супрацоўнікаў УКСу. Таксама выяўлены грубыя парушэнні ў галінах бухгалтарскага ўліку і працоўнага заканадаўства, якія прывялі да незаконных грашовых выплат.

Паводле інфармацыі КДК на прадпрыемстве «УКС гораду Пінску» працавала 18 чалавек. Асноўная яго функцыя – тэхнічны нагляд за аб’ектамі будаўніцтва, кантроль якасці, аб’ёмаў і коштаў будаўнічых прац. Кошт паслуг арганізацыі складаў ад 1,5 да 2 % ад агульнага каштарысу аб’екту будаўніцтва. То бок, пры невялікіх затратах манапольны УКС атрымліваў шматмільярдныя сумы даходу.

«Яны проста ня ведалі куды дзяваць грошы», – распавядае намеснік кіраўніка пінскага міжраённага КДК Віктар Гордзіч.

Гэтым карыстаўся былы цяпер дырэктар УКСу. Цягам двух гадоў, з 2014 па 2016, штомесяц ён загадваў налічваць сабе прэміі і стымулюючыя выплаты, а таксама матэрыяльную дапамогу агулам на суму каля 25 тысяч рублёў.

Як паведамляе газета «Палеская праўда», цягам часу будаўніцтва аднаго і таго ж дому дырэктар прэміраваў сябе тры разы (згодна з умовамі кантракта за выкананні тэрмінаў будаўніцтва, пасля здачы ў эксплуатацыю будынкаў і па заканчэнні квартала). Таксама дырэктар выпісваў сабе прэміі да ўсіх дзяржаўных і іншых святаў. Акрамя таго, дырэктару пінскага УКСу, ў парушэнне заканадаўства, бухгалтэрыя перавяла на рахунак беспрацэнтавую пазыку і матэрыяльную дапамогу, якая значна перавышала вызначаныя законам памеры.

Цяпер былы дырэктар Пінскага УКСу месціцца ў ізалятары часовага затрымання. Яму інкрымінуецца частка 4 артыкулу 210 Крымінальнага кодэксу РБ «Крадзёж у асабліва буйным памеры». За злачынства ён можа атрымаць максімальнае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, а таксама пазбавіцца права займаць кіраўнічыя пасады.

Стужка навінаў