Ў Пінску на праваслаўнай выставе Крым пазначаны расейскім


Традыцыйная выстава-кірмаш «Беларусь праваслаўная» у гэтыя дні праходзіць у Пінску.

У будынку гарадскога Дому культуры і на пляцоўцы побач з ім раскінуліся гандлёвыя рады, на якіх прадаецца розны тавар праваслаўнага зместу: абразы, кнігі, музычныя CD-дыскі, крыжыкі, царкоўны рыштунак, святая вада, посуд, касметыка, зёлкі і мёд. Як сапраўдныя гандляры прадстаўнікі розных праваслаўных супольнасцяў з Беларусі, Украіны, Малдовы, Сербіі і Расеі прапануюць свой тавар пінчукам і актыўна збіраюць грошы на будаўніцтва святыні ў сваіх мясцовасцях.

Акрамя гандлёвай часткі на выставе праходзяць розныя культурна-асветніцкія імпрэзы: паказ фільмаў, канцэрты, фотавыставы, майстар-класы для нядзельных школак і сустрэчы са святарамі.

У вялікіх намётах прадаецца праваслаўны тавар.

Выстава праходзіць даволі арганізавана і кожнаму яе ўдзельніку прызначана сваё гандлёвае месца. Такое месца ёсць і ў Свята-Мікалаеўскага манастыра з Крыму – на адмысловай шыльдзе пазначана, што гэта Расея.

Стэнд Свята-Мікалаеўскага манастыра.
Стэнд Свята-Мікалаеўскага манастыра.

А вось мужчынскі манастыр Святога Ўзнясення з сяла Харошае Луганскай вобласці – усцяж украінскі.

Манастыр з Луганшчыны.
Манастыр з Луганшчыны.

На некаторых аўтах – «каларадскія стужкі», але імперскай прапаганды няма, калі не браць пад увагу кашулькі ад Смаленскай епархіі з выявамі і ваяўнічымі цытатамі Суворава, Дзмітрыя Данскога, Аляксандра Неўскага і цара Мікалая ІІ.

Кашулькі ад смаленскіх гасцей.
Кашулькі ад смаленскіх гасцей.

Каштуюць яны па 30 рублёў, выглядаюць даволі архаічна, і таму іх пакупаюць мала.

Сёлета ў крыжовым ходзе з нагоды адкрыцця выставы нават не ўдзельнічалі мясцовыя «казакі», якія раней абавязкова прысутнічалі на ўсіх праваслаўных імпрэзах.

Глядзі таксама
Каментары