У Пінску міліцыянты стралялі па нападніках, якія са стрэльбай уварваліся ў дом бізнесоўца


Стрэльба, якой пагражалі нападнікі

Узброеныя нападнікі завалодалі $ 11,5 тыс., але гаспадар дома паспеў націснуць «трывожную кнопку».

Крывавы інцыдэнт адбыўся ў Пінску ўвечары 4 студзеня. Як паведамляе прэс-служба МУС, чацвёра невядомых у масках, узламаўшы дзверы, праніклі ў дом індывідуальнага прадпрымальніка, звязалі скотчам ягоную жонку і 11-гадовую дачку. Пад пагрозай ужывання агнястрэльнай зброі яны завалодалі $ 11,5 тыс.

Аднак гаспадар змог націснуць «трывожную кнопку». Праз некалькі хвілінаў пасля гэтага на месца прыбыў нарад аддзелу Дэпартаменту аховы, супрацоўнікам якога нападнікі аказалі «актыўны супраціў і паспрабавалі завалодаць табельнай зброяй аднаго з міліцыянтаў», адзначаецца на сайце міліцэйскага ведамства.

Супрацоўнікі Дэпартаменту аховы былі вымушаныя ўжыць агнястрэльную зброю, каб абясшкодзіць зламыснікаў.

На месцы затрымалі двух нападнікаў – мужчынаў 1985 і 1989 гадоў нараджэння. Іх адразу ж адвезлі ў медычную ўстанову, там яны знаходзяцца пад узмоцненым канвоем.

Гаспадар дома і ягоныя родныя не пацярпелі.

Неўзабаве міліцыянты выявілі месцазнаходжанне яшчэ двух падазраваных у здзяйсненні нападу, якія ўцяклі з месца здарэння. У цяперашні час яны таксама затрыманыя.

З месца злачынства канфіскавалі выкрадзенае, помпавую стрэльбу і адзін патрон да яе.

У ходзе спецаперацыі па затрыманні адзін з супрацоўнікаў Дэпартамента аховы атрымаў цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, ён шпіталізаваны.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў