У пінскага актывіста падчас ператрусу забралі кампʼютары «на праверку»


Актывіст пінскай філіі Руху «За Свабоду» Ігар Салавей паведаміў «Белсату», што сёння да яго прыходзілі тры міліцыянты, каб правесці агляд дому.

«Яны мелі санкцыю пракурора, размаўлялі са мной ветліва. Але нічога, акрамя тэхнікі іх не цікавіла. Прайшлі ў пакой і адразу ўзялі кампʼютар з вінчэстэрам і ноутбук, сказалі, што бяруць на праверку», – сказаў Салавей.

Паводле актывіста, праваахоўнікі заявілі, што той «друкуе ўлёткі з заклікамі» да акцыі 1 траўня.
«Магчыма, гэта звязана з маім ранейшым удзелам у вулічных акцыях. Да 1 траўня я нічога не рыхтаваў, ніякай друкаванай прадукцыі не маю», – сцвярджае ён.

7 красавіка Ігар Салавей быў пакараны за ўдзел у акцыі недармаедаў, якая адбылася 26 сакавіка, а таксама за непадпарадкаванне міліцыі. Пінскі суд прысудзіў яму 5 содняў арышту і штраф у памеры 230 рублёў.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары