У пецярбургскім аддзеле паліцыі ў камеру з затрыманымі за антыкарупцыйную акцыю пусцілі газ


фота Google Maps

Арганізацыя «ОВД-инфо» паведамляе, што ў ноч на 13 чэрвеня ў адным з аддзелаў паліцыі ў Пецярбургу, дзе ўтрымліваюцца затрыманыя падчас акцыі 12 чэрвеня, пусцілі пярцовы газ.

Пра гэта заявілі адразу 4 асобы. Паводле сведкаў, газ пусцілі ў камеру з  чалавекам, які агрэсіўна сябе паводзіў, але з адной камеры газ распаўсюдзіўся па вентыляцыйнай сістэме ў іншыя.

Супрацоўнікі паліцыі былі вымушаныя выклікаць хуткую дапамогу, аднак выпусціць нават тых, хто вельмі блага сябе адчуваў, яны адмовіліся.

«Мы пачалі ўсе задыхацца. У пэўны момант я зразумела, што проста не магу дыхаць. Дзяўчынкі, што былі са мной, пачалі грукацца, прасілі, каб нас вывялі і неяк нам дапамаглі. Паліцэйскі адчыніў – зачыніў нас. Сказаў: «Сядзіце далей». Я ўжо зразумела, што, мабыць, усё, я паміраю, таму што спрабую ўдыхнуць і не магу. У выніку нас выпусцілі ў нейкі маленькі закуточак, дзе было вакно..». – распавяла адна з затрыманых.

Паліцыя пацвердзіла гэтую інфармацыю, адзначыўшы, што спецсродак прымяняўся толькі ў дачыненні да затрыманага за дробнае хуліганства, які«паводзіў сябе неадэкватна і спрабаваў учыніць сабе фізічную шкоду».

Усяго ў Пецярбургу падчас антыкарупцыйнага мітынгу 12 чэрвеня затрымалі 658 чалавек.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары