У першы дзень датэрміновага галасавання ў Беларусі прагаласавалі амаль 4 % выбарцаў

video

Датэрміновае галасаванне ў БНТУ

У першы дзень датэрміновага галасавання на парламенцкіх выбарах у Беларусі, якое пачалося ў аўторак, на ўчасткі прыйшлі 3,92 % выбарцаў, гаворыцца ў паведамленні Цэнтрвыбаркаму.

У прыватнасці, у Берасцейскай вобласці свае галасы за кандыдатаў у дэпутаты аддалі 2,71 % выбарцаў, у Віцебскай – 5 %, у Гомельскай – 3,62 %, у Гарадзенскай – 3,84 %, у Менскай – 3,7 %, у Магілёўскай – 4,61 %. У Менску ў першы дзень прагаласавала 4,18 % выбарцаў, за межамі рэспублікі – 5,25 %, інфармуе ЦВК.

На адным з менскіх участкаў у першы дзень датэрміновага галасавання прагаласавала палова выбарцаў.

Усяго ў краіне створаны 5 971 участак для галасавання, за межамі рэспублікі – 47. У спісы выбарцаў на сёлетніх выбарах уключана 6 млн 990 тыс. 696 чалавек.

Праваабаронцы ды назіральнікі раяць пачакаць са сваім выбарам да галоўнага дня галасавання – нядзелі 11-га верасня. Напрыканцы тыдня паабяцаў прагаласаваць і кіраўнік краіны. Галасаванне на выбарах не павінна быць штучным, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай 6 верасня. Для чаго ж патрэбныя 5 дзён датэрміновых выбараў – у відэаматэрыяле інфармацыйнага выдання «Абʼектыў».

Датэрміновае галасаванне працягнецца да 10 верасня ўключна. Выбары ў парламент Беларусі прызначаныя на 11 верасня 2016 года.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адкрыла гарачую лінію для паведамленняў аб парушэннях падчас парламенцкіх выбараў, якія прапаноўваецца адпраўляць на электронную скрыню ktn@spring96.org або праз форму зваротнай сувязі на сайце elections2016.spring96.org.

Акрамя таго, падчас датэрміновага і ў асноўны дзень галасавання будзе працаваць тэлефонная лінія: з 5 па 14 верасня – з 9 да 21 гадзіны; 11 верасня – кругласутачна. Тэлефоны: для жыхароў Берасцейскай вобласці – 8 (29) 685-53-29; Віцебскай – 8 (29) 865-64-66; Гомельскай – 8 (29) 865-64-57; Гарадзенскай – 8 (29) 865-64-21; Менскай – 8 (29) 865-43-56; Магілёўскай – 8 (29) 865-64-40; Менску – 8 (29) 865-64-26 і 8 (29) 865-64-25.

МЯ, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары