У Паўночнай Карэі заявілі пра стварэнне вадароднай бомбы


Дзяржаўнае інфармагенцтва КНДР паведаміла, што краіна распрацавала вадародную бомбу.

Паводле агенцтва «KCNA», боегалоўку, гатовую для пагрузкі на міжкантынентальную ракету, агледзеў лідар КНДР Кім Чэн Ын.

У паведамленні агенцтва гаворыцца, што магутнасць боегалоўкі можа дасягаць соцень кілатон у трацілавым эквіваленце, а ўсе кампаненты для яе вытворчасці робяцца ў КНДР, што дазволіць краіне стварыць столькі ядравай зброі, колькі яна захоча.

Шмат якія заходнія эксперты скептычна паставіліся да публікацыі, бо не вераць, што КНДР сапраўды здолела авалодаць тэхналогіямі, неабходнымі для стварэння вадароднай бомбы. Тым не менш паведамленне «KCNA» ужо выклікала рэзкую рэакцыю на міжнародным узроўні.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў святле магчымай наяўнасці ў КНДР вадароднай бомбы хоча ў чарговы раз падкрэсліць важнасць супрацоўніцтва ЗША, Японіі і Паўднёвай Карэі ў пытанні ядравага стрымлівання Пхеньяну.

Сюжэт праграмы «Вот так» пра складанасці дачыненняў ЗША і КНДР

Пры гэтым КНДР заяўляе аб стварэнні вадароднай бомбы ўжо не першы раз. Яшчэ ў 2016 годзе Паўночная Карэя абвясціла аб яе паспяховым выпрабаванні – аднак і тады эксперты сумняваліся ў праўдзівасці гэтых заяваў, адзначаючы, што для вадароднай бомбы магутнасць выбуху была занадта малая.

Ракеты і боегалоўкі

У ліпені КНДР правяла два запускі балістычных ракет, заявіўшы, што ЗША знаходзяцца ў межах іх дасяжнасці. Эксперты тым не менш кажуць, што большасць паўночнакарэйскіх ракет валодаюць вельмі нізкай дакладнасцю і не могуць трапіць у мэту.

ЗША і суседзі Паўночнай Карэі асудзілі выпрабаванні ракет КНДР, а гнеўная рыторыка паміж ЗША і КНДР узмацнілася.

Трамп назваў апошні запуск неразумным і небяспечным учынкам паўночнакарэйскага рэжыму.

У жніўні амерыканскія СМІ паведамлялі, што КНДР, магчыма, ужо ўдалося распрацаваць ядравую боегалоўку, прыдатную да ўсталявання на наяўныя ў дзяржавы балістычныя ракеты. Неўзабаве пасля гэтага Трамп прыгразіў КНДР «агнём і лютасцю» у выпадку, калі Пхеньян надумае пагражаць ЗША.

У адказ «KCNA» распаўсюдзіла паведамленне, у якім гаварылася, што Паўночная Карэя разглядае магчымасць ракетнага ўдару па вайсковых базах ЗША на востраве Гуам у заходняй частцы Ціхага акіяну.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле BBC Russian

Глядзі таксама
Каментары