У Парку высокіх тэхналогіяў заяўляюць аб рэкордным росце колькасці рэзідэнтаў


У Парку высокіх тэхналогіяў заяўляюць, што колькасць зарэгістраваных рэзідэнтаў вырасла больш чым на траціну. Гэта – вынік падпісання дэкрэту «Аб развіцці лічбавай эканомікі».

«Менш чым за паўгода – больш за 100 новых кампаніяў. Гэта гістарычны рэкорд. За больш чым 10-гадовую гісторыю такі істотны прырост рэзідэнтаў адбываецца ўпершыню, – падкрэслілі ў парку. – Пры гэтым, што прынцыпова важна, умовы для ўваходу ў Парк высокіх тэхналогіяў істотна спрасціліся – ніякай валакіты і бюракратыі, усё максімальна празрыста і хутка».

Усяго на гэты момант у Парку высокіх тэхналогіяў 293 рэзідэнта.

«Больш за 100 кампаніяў за 5 месяцаў, больш за 100 новых рэзідэнтаў – гэта вельмі добрыя навіны і вялікі поспех. Такога ў гісторыі Парку высокіх тэхналогіяў яшчэ не было. Вядома, гэта прамое сведчанне вялікага даверу з боку IT-супольнасці, не толькі беларускай, але і замежнай, да дэкрэту »Аб развіцці лічбавай эканомікі«, які быў не так даўно падпісаны кіраўніком дзяржавы, і да таго курсу на пабудову IT-краіны, які быў абвешчаны нашым прэзідэнтам», – сцвярджае дырэктар Парку высокіх тэхналогіяў Усевалад Янчэўскі.

Нагадаем, напрыканцы 2017 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі» з мэтай прыцягнуць у Беларусь сусветныя IT-кампаніі. Паводле дакументу, у Беларусі легалізаваныя крыптавалюты, а будучыя рэзідэнты вызваленыя ад падатку на дададзеную вартасць.

Сёлета ў траўні Беларусь увайшла ў топ-10 спрыяльных блокчэйну краінаў, паводле канферэнцыі «BlockShow Europe 2018». На думку экспертаў, пазіцыя Беларусі ў рэйтынгу магла б быць яшчэ вышэйшая, калі б у краіне была больш паспяховая фінансавая інфраструктура і прадказальныя ўмовы працы.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў