У панядзелак пачнецца суд над Саакашвілі за пераход украінскай мяжы


За незаконны пераход мяжы палітыку пагражае да 5 гадоў. Да суда палітыка не арыштавалі і не будуць гэтага рабіць, заявіў генпракурор Украіны.

Генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка заявіў, што былы губернатар Адэсы і былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі не можа быць арыштаваны або высланы з Украіны за «прарыў» праз мяжу на тэрыторыю краіны.

«Саакашвілі не можа быць высланы з гэтай краіны, пакуль мае від на жыхарства ці іншы дакумент, які ён падаў», – цытуе Луцэнку BBC.

Паводле пракурора, калі Саакашвілі хоча аспрэчыць рашэнне прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі аб пазбаўленні яго ўкраінскага грамадзянства, ён павінен звярнуцца ў суд.

«Гэта адзіны законны і нармальны спосаб вырашэння гэтай спрэчкі аб грамадзянстве», – сказаў генпракурор.

18 верасня ў Львове суд пачне разгляд справы аб незаконным уездзе Саакашвілі ўва Украіну. 10 верасня палітык перасек польска-ўкраінскую мяжу пры падтрыманні прыхільнікаў – яны практычна перанеслі яго праз мяжу на руках.

Саакашвілі пазбавілі ўкраінскага грамадзянства ў ліпені – за нібыта ілжывыя звесткі ў анкеце пры атрыманні грамадзянства.

16 верасня Міхэіл Саакашвілі запісаў відэа з вострай крытыкай адэскіх і, агулам, украінскіх уладаў, а таксама генеральнага пракурора пасля таго, як у адэскім летніку згарэлі тры дзяўчынкі.

ДД

Глядзі таксама
Каментары