У паліцэйскіх машынах у Эстоніі будуць ездзіць мяккія мядзведзікі


Цацкі будуць змяшчаць у паліцэйскіх аўтамабілях, а таксама ў будынках паліцыі, каб супакойваць дзяцей, якія трапілі ў аварыі або пацярпелі ў іншых стрэсавых сітуацыях.

Для гэтага арганізавалі краўдфандынгавую кампанію Traumamommik (Мядзведзікі ад стрэсу), мэта якой – забяспечыць кожную паліцэйскую машыну мяккай цацкай. Першапачаткова ж, да 1 чэрвеня, Дня абароны правоў дзіцяці, плануецца закупіць мядзведзікаў для 100 машынаў паліцыі.

Таксама мяккія мядзведзікі будуць змяшчацца і ў паліцэйскіх пунктах.

«Мяккая цацка ўзніме настрой дзіцяці і будзе яму падтрымкай, калі гэта патрэбна», – кажа Каур Вахтрык, 25-гадовы арганізатар кампаніі. Ён кажа, што ідэя прыйшла да яго ў галаву, калі з яго сябрам здарыўся няшчасны выпадак.

Згодна з эстонскай статыстыкай, прыкладна 200 дзяцей трапляюць у дарожныя аварыі кожны год. Але мядзведзікі могуць дапамагаць і ў іншых выпадках, напрыклад, калі дзіця пацярпела ад хатняга гвалту.

«Усе залежыць ад сітуацыі, але ў асноўным, калі здараецца нешта сурʼёзнае, дзеці да некаторага ўзросту могуць проста не зразумець, што адбываецца, і яны не павінны ўсё разумець дакладна. У гэтым выпадку мяккая цацка дапаможа адцягнуць увагу. Яны будуць займацца цацкай, а не дэталямі няшчаснага здарэння», кажа афіцэр паліцыі, Леа Барэнсан.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў