У офісах TUT.BY і БелаПАН ператрус

ВІДЭА

У офісе партала TUT.BY у бізнес-цэнтры Omega Tower на праспекце Дзяржынскага следчыя ачапілі некалькі паверхаў і праводзяць ператрус. Следчыя заблакавалі кабінеты рэдакцыі і бухгалтэрыі. Журналістаў і рэдактараў падазраюць у неправамерным карыстанні платнай падпіскай БелТА.

Пра ператрус на TUT.BY напісала ў Facebook жонка Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.

«На TUT. BY – упершыню за дваццаць гадоў існавання – ператрус. Падрабязнасцяў пакуль не ведаю. Людзей не пускаюць на працу. Хіба апытваюць Марыну Золатаву. Мой муж паехаў туды высвятляць».

Паводле журналістаў TUT.BY, праваахоўнікі канфіскоўваюць дакументы, некалькіх супрацоўнікаў партала выклікалі на допыт.

Юрый Зісер напісаў, што праваахоўнікі ветлівыя і абяцаюць скончыць вобшук цягам некалькіх гадзінаў да абеду.

Прадстаўнік рэдакцыі БелаПАН пацвердзіў belsat.eu, што ў кампанію таксама прыйшлі з вобшукам.

Дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай недасяжны. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец распавёў belsat.eu, што быў на офісе БелаПАНу, але АМАП заблакаваў памяшканне і не пускае нават журналістаў.

Ператрус таксама зладзілі ў рэдакцыі газеты «Навука», якой валодае выдавецкі дом «Беларуская навука».

Следчы камітэт: неправамерны доступ да інфармацыі «БелТА»

Афіцыйны сайт Следчага камітэту паведамляе, што ладзіць праверку па факце несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі. Паводле праваахоўнікаў, «БелТА» паведаміла аб парушэннях доступу да платнай падпіскі. «У хадзе праверкі працаўнікамі МУС выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да інфармацыі, уласнікам якой зʼяўляецца «БелТА».

Паводле СК, незаконны доступ да платнага кантэнту дзяржаўнай кампаніі «БелТА» адбываўся цягам 2017-2018 гг. у выніку РУП «БелТА» «прычыненыя істотныя страты».

Да ўказанай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дому «Беларуская навука», ЗАТ «БелаПАН», ААТ «ТутБай Медыя». Затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравенкава, – паведамляе сайт СК.

Акрамя пералічаных асобаў па справе затрымалі рэдактарку аддзелу спецкарэспандэнтаў tut.by Ульяну Бабаед і журналістку Галіну Уласік.

З затрыманымі няма сувязі. Іх тэлефоны недаступныя. Вядома пра ператрус у доме карэспандэнткі БелаПАН Таццяны Каравенкавай у Жодзішках Смаргонскага раёну, дзе жыве ейная маці. Пазней журналістку павезлі ў менскую кватэру, каб таксама правесці ператрус. Пасля яе забяруць у Цэнтральны апарат Следчага камітэту на допыт.

Паводле артыкула 349 ч.2 КК, па якім парводзяць праверку, за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі можа пагражаць пазбаўленнем ці абмежаваннем волі да двух гадоў, арыштам, штрафам, забаронай працаваць у пэўнай сферы ці на пэўнай пасадзе.

Каментары ў справе ператрусу і затрыманняў

Журналіст Анджэй Пачобут:

«Ператрус у tut.by – паказвае, што наезды на »Белсат«, блогераў і г.д. гэта не эксцэсы выканаўцаў, а дамінуючы палітычны вектар.

Што з гэтага выйдзе ў выпадку з tut.by, гадаць не буду. Можа вырашыцца ўсе як з Ліпаем, а можа і не. У любым выпадку ўлада дэманструе, што яна па-ранейшаму трымае грамадства за горла і лёгка можа ў любы момант перакрыць доступ кіслароду. Ну не зусім, вядома, а проста для таго, каб пацыент не забываўся, хто тут галоўны.

А вы лібералізацыя, лібералізацыя…

Перабудовы не будзе, спадары аптымісты, і не варта на яе спадзявацца».

ДР, МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары