У Нью-Ёрку каля беларускага консульства адбыўся пікет салідарнасці


Чарговая акцыя супраць дзеючых уладаў Беларусі прайшла сёння, 9 красавіка, у Нью-Ёрку каля Беларускага консульства. Акцыя была зарганізаваная моладдзю Бруклінскага аддзелу БАЗА, ачаліла акцыю Святлана Казачок.

Сярод выступоўцаў былі Ганна Сурмач – старшыня Галоўнай Управы БАЗА, Таццяна Красоўская – старшыня Бруклінскага аддзелу БАЗА.

Таксама далучыліся прадстаўнікі амерыканскага-еўрапейскага камітэту салідарнасці, які быў заснаваны нацыянальнымі дыяспарамі Усходняй Еўропы, Балтыі, Каўказа і Крымскіх татараў у Амерыцы.

З прамовай у падтрыманне беларусаў выступіла Іванка Заяц – старшыня Нью-Ёркскага аддзелу Украінскага Кангрэсовага камітэту. Большасцю прысутных сталася моладзь, якая была вымушаная эміграваць, але якая не забываецца на сваю Бацькаўшчыну і верыць у яе лепшую будучыню.

Знаходзячыся ў эміграцыі, важна разумець, што нашая задача, дзе б мы ні былі, – пашыраць веды пра Беларусь, беларускую культуру ў свеце і тым асяроддзі, дзе мы ёсць. Падзеі ж апошніх тыдняў прымушаюць нас выходзіць на вуліцы, пратэставаць і прыцягваць увагу да Беларусі, – кажуць ўдзельнікі акцыі салідарнасці.

Тое, што адбылося ў мінулым месяцы, – самыя рэальныя рэпрэсіі. 300 чалавек былі арыштаваныя, на іх былі заведзеныя крымінальныя справы, і яны былі асуджаныя ні за што.

Гэтая акцыя – факт салідарнасці з беларусамі, правы якіх зневажаюць улады на Беларусі, – гаварылася ў прамове.

Святлана Казачок, адмыслова для belsat.eu

Стужка навінаў