У Нёмне танулі шапкі, а на гародзе білі «маскалёў»: як у 1920-я пад Навагрудкам здымалі кінаэпапею


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI2MDAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjI0NTAlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGVHlhM2F5dXRheE0lMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]«Пан Тадэвуш» быў самым дарагім кінапраектам даваеннай Польшчы. «Белсат» знайшоў успаміны рэжысёра пра тое, як адбываліся здымкі на Наваградчыне.

Кінаэпапея была падарункам да 10-годдзя незалежнасці Польшчы. Бюджэт нямой стужкі перавысіў 0,5 млн злотых (на той час, больш за $ 56 тыс.). Для маладой дзяржавы – велізарныя грошы: першы гукавы галівудскі фільм, мюзікл «Спявак джазу» (The Jazz Singer), які знялі за год да гэтага, каштаваў $ 422 тыс.

Галоўныя ролі ў «Пане Тадэвушы» гралі тагачасныя зоркі Леон Лушчэўскі (Leon Łuszczewski) і Зоф’я Заянчкоўска (Zofia Zajączkowska).

Кадр з фільму «Пан Тадэвуш» Фота www.iluzjon.fn.org.pl

«Не абышлося без эксцэсаў»

Наваградчыну і, у прыватнасці, маёнтак Чамброва рэжысёр Рышард Ардыньскі (Ryszard Ordyński) абраў для натурных здымкаў (іншыя сцэны паўсталі ў Мірскім замку, маёнтках Красіньскіх у Радзяёвіцах і Шыперскіх у Банёсе на тэрыторыі Польшчы і ў Рудніцкай пушчы, што ў Літве). Апекаваўся здымачнай групай сам ваявода Навагрудскі Зыгмунт Бячковіч (Zygmunt Beczkowicz), які ўзначальваў мясцовае краязнаўчае таварыства. А самыя жывапісныя месцы дапамагаў выбіраць мастак Фэрдынанд Рушчыц.

На Нёмне, напрыклад, імітавалі пераправу маладых ліцвінаў, якія хацелі далучыцца да напалеонаўскіх войскаў.

«Пры гэтым патанулі шапкі ды не абышлося без эксцэсаў, паколькі там, дзе адбываліся здымкі, было вельмі глыбока», – распавядаў у інтэрв’ю газеце «Ilustrowany Kuryer Codzienny» рэжысёр, які дзень таму, 15 жніўня 1928 года, вярнуўся з творчай камандзіроўкі.

Пасля нёманскіх прыгодаў здымачная група праз станцыю Наваельня накіравалася на возера Свіцязь, дзе зорны склад цягам двух тыдняў жыў у сціплых драўляных дамках, устаючы а 5-й, а часам і а 3-й раніцы, каб злавіць для ўдалых кадраў першыя промні летняга сонца.

Рышард Ардыньскі (сядзіць з разгорнутай кнігай) падчас здымкаў «Пана Тадэвуша». Фота audiovis.nac.gov.pl

Там збірала зёлкі маці Міцкевіча

Наступным пунктам творчай камандзіроўкі быў маёнтак Чамброва, што за 17 км на поўдзень ад Наваградка. Тут паўстала большасць сцэн, знятых па-за студыяй, то бок усё, што адбывалася на фронце, у садзе і на ганку: бітва з «маскалямі», рамантычнае спатканне Зосі з Тадэвушам, шляхецкія «заезды» і г.д.

Чамброва мае шмат агульных рысаў з літаратурным Сапліцавам, у якім Адам Міцкевіч змясціў галоўныя падзеі «Пана Тадэвуша». Хоць паводле літаратуразнаўчай традыцыі, мясцовасць гэтая – зборны вобраз, таму на пачэсную ролю прататыпа прэтэндаваў не толькі маёнтак на Наваградчыне. Але менавіта тут правёў сваё дзяцінства будучы класік. У Чамброве служыў аканомам ягоны дзед Матэуш Маеўскі, а маці Барбара мела пасаду зельніцы (пол. panna apteczkowa): загадвала нарыхтоўкамі на зіму, варыла сочыва, ставіла наліўкі, збірала зёлкі ды рабіла лекі.

Чамброва на паштоўцы са здымкам вядомага фатографа Яна Булгака, які перад вайною быў тут частым госцем. Фота pawet.livejournal.com

Здарыўся ў Чамброве і шляхецкі заезд* – такі ж, як у «Пане Тадэвушы», – прычым кіраваў ім не хто іншы як дзед паэта. Пра гэта піша ў сваёй кнізе «Спадкаемніцы Сапліцава» («Dziedziczki Soplicowa») Ёанна Пухальска (Joanna Puchalska), продкам якой належала Чамброва, а прапрабабуля Анеля Узлоўская стала хроснаю маці Адама Міцкевіча.

«Паводле аўтарскага каментара да парыжскага выдання «Пана Тадэвуша», апошні заезд на Літве адбыўся ў грамадзяніна У., які каля 1817 года […] у Наваградскім ваяводстве разбіў на заездзе цэлы наваградскі гарнізон і ўзяў у палон камандаванне», – цытуе Ёанна Пухальска.

У тыя гады Чамброва належала ейнаму прапрадзеду Юзафу Узлоўскаму, мужу Анелі. А пра гісторыю заезду, што кожны паляк ведае са школьнай лавы, спадарыня Ёанна выпадкова прачытала ў дакументацыі маёнтку, якую ейная сям’я захавала з XVI стагоддзя. Якое ж гэта задавальненне – чытаць сямейны архіў і пазнаваць падзеі, апісаныя ў адным з самых вядомых твораў польскай літаратуры! Ужо не кажучы пра тое, што прадзед Караль Карповіч зняўся ў экранізацыі 1928 года.

Сяляне дамагаліся ўдзелу ў кінаэпапеі

Масоўку набіралі з мясцовых. «… нават сяляне дамагаліся ўдзелу ў здымках і вялікім задавальненнем апраналі кунтушы [верхняе адзенне заможных мужчынаў, якое апраналі на жупан – belsat.eu]», – угадваў Рышард Ардыньскі.

З ягоных успамінаў: «Мы захаваліся нягодна, прызнаюся, з шаноўным і любейшым гаспадаром нашым і цягам трох тыдняў ператварылі ягонае цудоўнае Чамброва ў лагер вандалаў. Так што, уласна кажучы, не граф на сядзібу Арэшкаў, а мы на сядзібу спадарства Карповічаў учынілі апошні заезд на Літве. Апараты скакалі, як козы па градках самай дарагой гародніны, шляхцічы з карабеламі** […] тапталі сад, а я разам з памочнікамі ды аператарам Ваўрынюком абсалютна ахрып».

З Чамброва ў фільм сярод іншых трапілі запамінальныя сцэны, як Войскі вітае на ганку галоўнага героя і як Зося будзіць паночка на паляванне, а ейны твар паказваецца ў сэрцайцы, адмыслова для фільма выразаным у аканіцы.

Плакат рэпрэм’еры «Пана Тадэвуша» ў 2012 годзе, на ім здымак Зосі, якая зазірае ў сэрцайка. Фота pantadeusz.tvp.pl

Паводле рэжысёра, калі «пан Тадэвуш» на брычцы прыехаў у маёнтак, ягоныя жыхары нават праслязіліся, гэтак жа пасля рэагавалі і гледачы ў кінатэатрах. Фільм аказаўся вельмі папулярным.

«Мы з радасцю ўсведамлялі, што закладаем падмурак нашай народнай эпапеі на экране. Толькі гэта падтрымлівала нас падчас працы, калі штодня мы ўставалі з пеўнямі а чацвёртай ранку і працавалі нястомна да шостай [вечара. – belsat.eu], калі ўжо рукі ды ногі пераставалі слухацца і калі толькі старапольская гасціннасць спадарства Карповічаў была ў стане ўтрымаць нас ля густа застаўленага сытаю вячэрай стала».

Бясплатных квіткоў акторам не далі

З сэрцайкам у аканіцы пасля любілі фатаграфавацца турысты: перад другой сусветнай вайной Чамброва ўваходзіла ў маршрут «Шляхам Міцкевіча», які пралягаў праз Наваградак, Свіцязь, Варончу, Туганавічы, Гарадзішча ды Мір. У 1929-м яго наведаў нават польскі прэзідэнт Ігнацы Масціцкі. За некалькі месяцаў да гэтага ён разам з маршалам Юзафам Пілсудскім прысутнічаў на прэм’еры фільма ў Варшаве, якая адбылася ў лістападзе напярэдадні польскага Дня незалежнасці.

Між іншым, Рышард Ардыньскі наракаў на тое, што да экранізацыі культавага літаратурнага твора шмат хто ставіўся з недаверам (маўляў, гэта ж святое!), часта здараліся непаразуменні з чыноўнікамі. То дырэктар тэатру адмовіцца даваць касцюмы, то на чыгуначныя квіткі для здымачнай групы скідкі не дадуць… Толькі войска паставілася прыхільна: у батальных сцэнах бралі ўдзел І Полк швалежэраў Маршала Пілсудскага і IV Занёманскі полк уланаў.

А ў 1940-м выканаўцу эпізадычнай ролі Караля Карповіча, які працягваў жыць у Чамброве са сваякамі, арыштавала НКВД. Спачатку ён трапіў у лагер у Карагандзе, пасля загінуў без весткі. А праз тры гады Чамброва спалілі партызаны.

Фільм жа, знішчаны вайною, аднавілі зусім нядаўна, у 2012 годзе.

Інга Астраўцова, belsat.eu

* Заезд – форма грамадзянскага правасуддзя, калі арандатар зямлі не плаціў за яе або не хацеў сыходзіць пасля заканчэння тэрміну арэнды, выдалялі сілаю; здаралася, што перарастаў у шляхецкае самавольства.

** Тып шаблі.

На перадпраглядзе – сцэна пераправы з фільму «Пан Тадэвуш» 1928 года. Фота nitrofilm.pl[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў