У Нямеччыне выдалі ордэр на арышт 15-гадовай ісламісткі


Фота uhrnachrichten.de

За напад з нажом на паліцыянта ў Гановэры арыштавалі 15-гадовую дзяўчыну мараканскага паходжання, якая, як мяркуецца, мела кантакт з байцом «Ісламскай дзяржавы».

Пра гэта паведаміла ў пятніцу, 15 красавіка, генеральная пракуратура Нямеччыны, якая дамаглася ад Вярхоўнага федэральнага суда краіны ордэра на арышт падазраванай.

Сафію С. ужо змясцілі ў следчы ізалятар. Яе абвінавацілі ў замаху на забойства, прычыненні цяжкой шкоды здароўю і падтрыманні замежнай тэрарыстычнай арганізацыі.

Паводле інфармацыі пракуратуры, дзяўчына спрабавала «забіць служачага федэральнай паліцыі як прадстаўніка ненавіснай ёй Федэратыўнай Рэспублікі». Дзяржаўнае абвінавачанне сцвярджае таксама, што не пазней за лістапад 2015 года Сафія С. прасяклася «радыкальна-джыхадысцкімі ідэямі» тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» (ІД) і праз інтэрнэт уступіла ў кантакт з баевіком ІД у Сірыі.

У студзені 2016 года года яна вылецела ў Стамбул, каб далучыцца да ісламістаў. Аднак ёй не ўдалося перакрочыць турэцка-сірыйскую мяжу, бо ейнай маці ўдалося вярнуць уцякачку назад у Нямеччыну.

Сафія С. ударыла нямецкага паліцыянта кухонным нажом у горла 26-га лютага на чыгуначным вакзале ў Гановэры пры праверцы дакументаў. 34-гадовы праваахоўнік атрымаў цяжкае раненне з пагрозай для ягонага жыцця. Ягоны напарнік здолеў абясшкодзіць нападніцу.

МЯ, паводле dw.com

Глядзі таксама
Каментары