У Нямеччыне сірыйскі ўцякач забіў з дапамогай мачэтэ жанчыну і параніў яшчэ дваіх


Паміж забойцам і ягонай ахвярай узнікла сварка. Злачынец, дзякуючы хуткаму ўмяшанню паліцыі, быў затрыманы праз некалькі хвілін непадалёк ад месца злачынства.

У выніку нападу злачынцы, узброенага мачэтэ, у нядзелю, 24 ліпеня, адна жанчына памерла і яшчэ два чалавекі атрымалі раненні ў горадзе Ройтлінген (Reutlingen) на паўднёвым захадзе Нямеччыны. Як адзначаецца ў паведамленні, апублікаваным на гарадскім інтэрнэт-партале, сварка паміж забітай жанчынай і 21-гадовым уцекачом з Сірыі адбылася на цэнтральным аўтобусным вакзале.

Уцякаючы з месца злачынства, ён паспеў нанесці раненні яшчэ адной жанчыне і мужчыну. Паліцыя спрацавала аператыўна і хутка затрымала нападніка.

«Затрыманы ўжо прыцягваў увагу праваахоўных органаў», – адзначаецца ў паведамленні. Паводле інфармацыі гарадскіх уладаў, гаворка ідзе пра злачынцу-адзіночку і ніякай небяспекі для жыхароў гораду, насельніцтва якога перавышае сто тысяч чалавек, няма.

22 ліпеня падчас страляніны ў Мюнхене маладзён, які меў грамадзянства Нямеччыны ды Ірану, забіў 9 чалавек. Былі параненыя 27 чалавек, з іх 10 знаходзяцца ў цяжкім стане. Нападнік скончыў жыццё самагубствам, стрэліўшы сабе ў галаву.

МЯ, паводле dw.com

Стужка навінаў