У Нямеччыне налічылі 340 спробы вярбоўкі ісламістаў сярод уцекачоў


Федэральнае ведамства аховы канстытуцыі Нямеччыны ведае пра 340 выпадкаў, калі ісламісты спрабавалі прыцягнуць уцекачоў на свой бок. Кіраўнік ведамства мяркуе, што такіх выпадкаў магло быць і больш.

Федэральнае ведамства па ахове канстытуцыі Нямеччыны заяўляе пра сотні спробаў радыкальных ісламістаў завербаваць новых прыхільнікаў сярод уцекачоў.

«Да гэтага часу нам стала вядома пра больш, чым 340 выпадкаў. Але гэта толькі тыя, пра якія мы даведаліся. Верагодна, існуе больш выпадкаў», – заявіў кіраўнік ведамства Ханс-Георг Маасэн (Hans-Georg Maaßen) у інтэрвʼю агенцтву «dpa», апублікаваным у нядзелю, 14 жніўня.

Паводле яго, аператары цэнтраў для ўцекачоў ужо ведаюць пра праблему, праваахоўнікі перадалі ім неабходную інфармацыю.

Хочуць хадзіць у арабскамоўныя мячэці

«У нас выклікае неспакой, калі салафіты і іншыя ісламісты праводзяць вярбоўку ў прытулках для ўцекачоў», – заявіў Маасэн.

Таксама ён адзначыў, што сярод тых, хто просіць прытулку, ёсць шмат маладых мужчын-сунітаў, якія паходзяць з кансерватыўнага ісламскага асяроддзя і хочуць па пятніцах наведваць арабскамоўныя мячэці. Па словах Маасэна, сярод такіх мячэцяў у Нямеччыне шмат ісламісцкіх ды салафіцкіх.

«Яны рыхтуюць да радыкалізацыі. Гэта – небяспечна, таму мы ўзялі пад кантроль значную іх (мячэцяў) частку», – паведаміў кіраўнік ведамства аховы канстытуцыі ФРГ.

Каментуючы апошнія ісламісцкія напады ў Нямеччыне, Маасэн адзначыў, што варта засяродзіць увагу не толькі на групах баевікоў, якіх «Ісламская дзяржава» накіроўвае ў Еўропу, але і на асобных злачынцах, якія самі радыкалізаваліся і атрымалі загад. Аднак высачыць такіх рэдкіх нападнікаў і сачыць за зносінамі паміж ісламістамі ў чатах вельмі складана, прызнаў ён.

НМ, belsat.eu, паводле Dw.com

Глядзі таксама
Каментары