СТРЫМ. У Берасці прайшоў «Марш абураных недармаедаў».

video

 


5 сакавіка чарговы «Марш недармаедаў» прайшоў у Берасці. Акцыя распачалася на плошчы Леніна, дзе ў гэты час улады зладзілі дзіцячае свята. Удзельнікі пратэсту пайшлі да будынку гарвыканкаму. Там яны раздзяліліся: частка пайшла ў актавую залу на сустрэчу з мэрам, частка засталася каля будынку і патрабавала выхаду мэра на вуліцу. Пасля мітынгу натоўп рушыў цэнтральнымі вуліцамі да ЦУМу. Да пратэстоўцаў далучаліся людзі, і ў выніку ў шэсці ўзялі ўдзел каля 1000 чалавек. Пасля заканчэння акцыі журналісты «Белсату» рэгістравалі ў жывым эфіры адыход анархістаў, якія ачолілі шэсце. Акцыя цягнулася 2 гадзіны. Нікога (прынамсі, пакуль) не затрымалі.

«Белсат» ладзіў відэа- і тэкставую трансляцыю з месца падзеяў.

13:58

Анархістам удалося адбіцца ад людзей у цывільным, якія сачылі за імі. Паводле аднаго са сведкаў, міліцыянты спрабавалі затрымаць аднаго з анархістаў. Мінак умяшаўся, і хлопца адпусцілі.

13:53

Акцыя ў Берасці скончаная.

13:53

Анархісты ўзяліся за рукі і сыходзяць з акцыі ланцужком. Яны папрасілі журналістаў суправадзіць іх, каб зарэгістраваць на камеры магчымыя правакацыі. Удзельнікі пратэсту разыходзяцца з пляцу перад ЦУМам.

13:49

Перад завяршэннем акцыі актывіст Аляксандр Кабанаў заклікае людзей далучацца да Маршу недармаедаў у Менску праз тыдзень.

13:45

Перакрыццё праспекту калонай пратэстоўцаў цягнулася каля 2-х хвілінаў.

13:42

Анархісты прапанавалі заблакаваць праспект Машэрава на 3 хвіліны: «Сімвалічна – каб паказаць, што мы настроеныя рашуча».

13:13

У Марш на вуліцу Савецкая ад будынку гарвыканкаму рушыла 400 чалавек.

13:01

Анархісты прапанавалі прайсці маршам па вуліцы Савецкай да ЦУМу.

«Абараняйце адзін аднаго». Падтрымаць берасцейскіх недармаедаў прыехаў блогер Максім Філіповіч з Гомля.

13:00

«Я праклінаю той дзень, калі прагаласаваў за Лукашэнку», – кажа адзін з пратэстоўцаў праз мегафон.

12:42

Да сценаў гарвыканкаму падыйшлі прадстаўнікі беларускага анархісцкага руху. Яны трымаюць расцяжку «Чыноўнік – галоўны дармаед».

12:39

Старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук тлумачыць сабраным ў залі сітуацыю з Дэкрэтам №3 у Берасці.

12:26

Частка пратэстоўцаў заходзіць у актавы зал мэрыі, частка застаецца на плошчы перад гарвыканкамам, частка – на плошчы Леніна.

 

12:22

«Сена да каня не ходзіць, – кажа адна з удзельніцаў. – Засталося толькі ўвесці падатак на пот і слёзы».

 

12:18

Гучаць лозунгі «На вуліцу!». Удзельнікі акцыі не хочуць праходзіць у будынак мэрыі. Натоўп патрабуе выхаду чыноўнікаў да іх, на вуліцу: «Гэта пастка!».

 

12:17

Уладзімір Вуек заклікае ўдзельнікаў «Маршу» прайсці ў будынак гарвыканкаму, каб «пазбегнуць правакацыяў».

12:07

«Не хачу жыць у краіне з такімі падаткамі», – кажа 16-гадовы ўдзельнік пратэсту Станіслаў.

12:05

250 чалавек. Гэтак Уладзімір Вуек ацэньвае колькасць сабраных на Маршы на гэтую хвіліну.

Удзельнікі «Маршу абураных недармаедаў» ідуць да гарвыканкаму. Фота: з «Тўітара» Рамана Пратасевіча.

12:03

Уладальнік мегафону – Уладзімір Вуек. Актывіст заклікаў удзельнікаў акцыі прайсці да будынку Берасцейскага гарвыканкаму для абмеркавання Дэкрэту №3 з мясцовымі чыноўнікамі.

12:02

З’явіўся мегафон.

11:57

Людзі, якія прыйшлі на дзіцячае свята з малечай адзмаўляюцца гутарыць з нашай карэспандэнткай. «Вярхушка нашая засядзелася», – тлумачыць свой удзел у акцыі іншы берасцеец.

11:55

Удзельнік акцыі жыхар Берасця Дзмітрый Ловіч у размове з журналісткай «Белсату» сказаў, што ў акцыі ўдзельнічаць «не страшна, але нязвыкла».

11:53

На плошчы Леніна з’явіліся першыя журналісты.

11:51

Па перыметры плошчы Леніна стаяць дзесяткі людзей. Па самой плошчы едзіць паравозік з дзецьмі – улады паралельна з акцыяй пратэсту «недармаедаў» ладзяць «Адкрыццё летняга сезона ў гарадскім парку».

У сакавіку акцыі «недармаедаў» пройдуць прынамсі ў дзесяці беларускіх гарадах. Расклад акцыяў.

Сакавік – месяц прастэстаў

ДД

Глядзі таксама
Каментары