У новым навучальным годзе школьнікаў апрануць у сінтэтыку, бацькам не далі выбару


У школах Менску абавязалі бацькоў закупіць да новага навучальнага году абавязковую школьную форму. Гэта адпавядае дзяржаўнай праграме «Школа будучыні», згодна з якой кожная школа павінна мець сваю ўласную ўнікальную школьную форму.

Бацькі незадаволеныя такой перспектывай, бо іх фактычна пакінулі без выбару, ні на колер, ні на фасон адзення яны не маглі паўплываць. Больш за тое, са словаў адной з маці, якасць у гэтага адзення вельмі спрэчная.

«Нам сказалі, што патрэбна будзе купіць камізэлькі. Усё астатняе павінна быць сваё – штаны, кашулі. А наверх гэтыя камізэлькі, вельмі дрэннай якасці. Самому замовіць, або купіць з нармальнай тканіны, а не сінтэтычнай, нельга. Трэба абавязкова набыць гэты ад «Беллегпрому», – паведамляе Валянціна, маці другакласніка адной з менскіх гімназіяў.

У пачатку верасня з дзяцей знімуць меркі і ў кастрычніку пашыюць форму для дзяцей. Для дзяўчынак – з нейкім аздабленнем, для хлапцоў – звычайныя, усё бардовага колеру. Да таго ж, гэтыя камізэлькі разлічаны нібыта на 2 гады навучання. І хадзіць у іх патрэбна будзе кожны дзень.

«Перашыць або замяніць яго нельга. Дзяўчынкам нашмат больш непрыемна гэта. У нас у класе ёсць дзяўчынкі, вельмі тоненькія, на іх спадніцы кепска трымаюцца, ім лепш хадзіць у сарафанах на шлейках. Зараз на гэта можна забыцца. У нас усе незадаволеныя. Вельмі раздражняе, чаму мы самі не можам выбраць і замовіць тканіну, колер і некалькі фасонаў, няхай падобных, але каб дзеці нармальна выглядалі», кажа Валянціна.

Тым часам, адкрытае акцыянернае таварыства «Палессе» паведамляе афіцыйным прэс-рэлізам аб тым, што ў гэтым годзе яны плануюць у тры разы перавысіць аб’ёмы продажу школьнай формы ў параўнанні з 2016-м годам.

«Мы ўвайшлі ў праграму «Школа будучыні» і на дадзены момант атрымалі ўжо ад школ і гімназіяў гораду Менску 24 тысячы замоваў на пашыў школьнай формы. І замовы працягваюць паступаць», – паведаміла інфармацыйнаму агенцтву «Белта» генеральны дырэктар прадпрыемства Таццяна Лугіна.

«Школа будучыні» – гэта праграма па ўвядзенні для кожнай школы аднолькавай формы. Яе падпісаў канцэрн «Беллегпром» разам з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Праграму плануецца рэалізаваць у 2017 годзе.

На пачатку красавіка на Беларускім тыдні моды былі прадстаўлены калекцыі школьнай формы ад розных беларускіх дызайнераў. Мэтай гэтага паказу было паказаць вытворцам, якім чынам школьная форма можа выглядаць прыгожа і задавальняць дзяцей і бацькоў, а таксама палепшыць стыль і асартымент школьнай формы беларускай вытворчасці.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары