Глеб Лабадзенка дакажа, што па-беларуску можна размаўляць ва ўсіх сферах


«Навука беларускай мовы мае быць цікавай і вясёлай», – адзначаюць аўтары праграмы «Мова Нанова», першае выданне якой «Белсат» пакажа 3-га студзеня новага 2015 года.

Праграма «Мова Нанова» – гэта не онлайн-трансляцыя папулярных моўных курсаў, а іх тэлеверсія. «На «жывыя» курсы ў 8 гарадах Беларусі запісаліся ўжо больш за 1000 чалавек, штомесяц каля 10 тысяч чытачоў вывучаюць мову на сайце movananova.by, – прыйшоў час далучыцца да гэтай плыні і гледачам «Белсату», – падкрэсліў адзін з вядоўцаў праграмы Глеб Лабадзенка.

Весці праграму яму будзе дапамагаць філолаг Алеся Літвіноўская. У адрозненні ад курсаў «офлайн», дзе збіраецца вялікая грамада, у новай перадачы, акрамя вядоўцаў будзе толькі адзін адмысловы госць, у кожным выданні – іншы.

Кожная перадача будзе мець сваю тэму – «Медыцына», «Горад», «Музыка», «Тэатр» і г.д. Госць – абавязкова беларускамоўны чалавек – эксперт у сваёй галіне. Прычым тэмы будуць брацца самыя розныя – каб засведчыць, што беларуская мова – для кожнай сферы, а не толькі для стэрэатыпных «філалагічных».

Таксама кожная перадача будзе мець пэўныя рубрыкі – «Слоўнік», «Граматыка», а таксама гутарка з госцем або нейкія іншыя цікавінкі.

«Большасць прыкладаў, якія прагучаць у перадачы, з’явяцца таксама ў выглядзе тытраў на экране. Тое, што зацікавілася ці падалося вартым запамінання – можна тут жа натаваць сабе», – заўважыў Глеб Лабадзенка.

Выходзіць праграма «Мова Нанова» будзе штосуботу. Аўдыторыя – самая шырокая: ад тых, хто зусім не ведае мовы, – да беларускамоўных людзей, якія змогуць паглыбіць веданне мовы. «Чаму «Мова Нанова»? Бо многія беларусы, называючы беларускую мову роднай, не могуць вольна размаўляць на ёй. Ды і беларускамоўным людзям, праз адсутнасць шырокага моўнага асяроддзя не будзе лішнім засвоіць новыя словы, формы і правілы», – падкрэсліў спадар Лабадзенка.

Першая выданне «Мовы Нанова» на «Белсаце» будзе прысвечана тэме «Медыцына». Госць – беларускамоўны лекар Андрэй Вітушка, які разам з вядоўцамі пазнаёміць гледачоў з асноўнымі медычнымі тэрмінамі. Госць таксама распавядзе, ці заразная беларуская мова, пра што мусіць пытацца лекар у пацыента і якія кур’ёзы, звязаныя з беларускай моваю, былі ў ягонай практыцы.

«Праграму варта глядзець, бо мы пастараемся рабіць яе вясёлай і цікавай. А яшчэ таму, што цяпер у кожнага ёсць магчымасць наведваць «Мову Нанова» два разы на тыдзень: адзін раз – «жывыя» заняткі ў сваім горадзе, а другі раз – разам з «Белсатам» каля манітора ці тэлевізара», – заахвоціў Глеб Лабадзенка.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў