У навагоднюю ноч на актывістаў «Маладога фронту» склалі тры пратаколы


Актывісты «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, Арцём Леўчанка і Павел Пракаповіч у навагоднюю ноч былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі і каля пяці гадзінаў правялі ў Першамайскім РУУС Менску.

Падставай для затрымання стаў намер маладафронтаўцаў сустрэць Новы год на Кастрычніцкай плошчы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, пра што яны абвясцілі ў сацсетках.

Як распавёў БелаПАН Дашкевіч, за домам, дзе ён жыве, назіралі супрацоўнікі сілавых структураў, якія сядзелі ў чатырох мікрааўтобусах. Дашкевіча міліцыя спыніла прыкладна а 23.30 на скрыжаванні вуліцаў Чарнышэўскага і Якуба Коласа.

«Затрыманне праходзіла вельмі акуратна – супрацоўнікі АМАПу падышлі, прадставіліся», – адзначыў адзін з лідараў «МФ».

Леўчанку і Пракаповіча затрымалі ў раёне Нацыянальнай акадэміі навук.

«На праспекце міліцыя перагарадзіла дарогу таксі, у якім яны ехалі, выцягнулі іх, надзелі кайданкі», – сказаў Дашкевіч.

У Першамайскім РУУС у дачыненні да яго склалі пратакол аб непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі. Аналагічныя пратаколы былі складзеныя супраць Леўчанкі і Пракаповіча, але іх яшчэ абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.

У РУУС у затрыманых канфіскавалі 10 бел-чырвона-белых сцягоў і 2,5 тыс. каляндарыкаў з нацыянальнай сімволікай і надпісам: «2017 – 500 год беларускай Бібліі».

Актывісты правялі ў РУУС каля пяці гадзін. Нягледзячы на гэта, Дашкевіч «не губляе аптымізму».

«Малады фронт» і раней віншаваў з Новым годам на вуліцах сталіцы. Гэта пазітыўны вопыт, калі маладафронтаўцы ў касцюме Дзеда Мароза віталі людзей словамі «Жыве Беларусь!». Мабыць, у гэты раз улады асцерагаліся, што людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі будуць некалькі гадзін хадзіць па цэнтры гораду, прыцягваючы ўвагу досыць вялікага ліку жыхароў. На жаль, рэжым працягвае працаваць груба, перашкаджаючы выказваць частцы грамадства свае ідэі. Але станоўча ўжо тое, што міліцыя паабяцала вярнуць сцягі пасля разбору, хоць раней адразу адбірала іх, называючы фашысцкімі», – адзначыў Дашкевіч.

Чытайце таксама >>> МУС: На масавых гуляннях у навагоднюю ноч надзвычайных сітуацыяў не было

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў