У Нацыянальнай акадэміі навук не вераць, што чалавек паходзіць ад малпы


Кіраўнік апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Пётр Віцязь не выключае, што людзі, якія жывуць на Зямлі – нашчадкі перасяленцаў з космасу. Сваім меркаваннем аб паходжанні жыцця на планеце навуковец падзяліўся з журналістамі 10 верасня ў Менску падчас XXXI Міжнароднага кангрэсу Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.

«Адкуль з’явіўся чалавек на Зямлі? Шмат кажуць пра тое, што мы перасяленцы, што чалавек зʼявіўся з космасу. Я веру ў тое, што сёння, якой бы ні была селекцыя, як бы ні выяўлялася эвалюцыя, мы не бачым доказаў таго, што чалавек паходзіць ад малпы», – заявіў Віцязь.

«Паглядзіце на старажытныя наскальныя малюнкі, – цытуе Віцязя Tut.by са спасылкай на «Белапан». – На многіх з іх намаляваныя ракеты, касманаўты. Адкуль яны ўзяліся? А тое, што знаходзяць сёння археолагі [сляды] чалавека зусім іншых памераў? Адкуль гэта ўзялося? Таму нешта ёсць. Мы не маем доказаў, але такая гіпотэза ёсць, гэта магчыма ».

Кіраўнік апарата НАНБ выказаў спадзяванне, што гіпотэзу аб пазаземным паходжанні чалавека калі-небудзь дакажуць. На яго думку, яе пацвярджэнню можа паспрыяць высадка чалавека на іншай планеце і яе засваенне.

Акадэмік Пётр Віцязь – вучоны ў галіне распрацоўкі новых матэрыялаў, тэхналогіяў і машынабудаўніцтва. Доктар тэхнічных навук (1983), прафесар (1986). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1991).

XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў праходзіць у Менску з 9 да 15 верасня. У ім бяруць удзел каля 90 касманаўтаў з усяго свету.

ДД

Стужка навінаў