У нацпарку «Браслаўскія азёры» п’яны браканьер забіў ласіху і ласяня


Браслаўскія азёры, ілюстратыўнае фота

Двум мужчынам пагражае да 6 гадоў турмы за незаконнае паляванне ў нацыянальным парку.

Паводле дадзеных Следчага камітэта, 5 ліпеня каля 22 гадзін двое жыхароў Браслава прыехалі ў лясніцтва на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».

Адзін з іх быў п’яны. Ён страляў з паляўнічай вінтоўкі і забіў ласіху і малое ласяня. Затым разам са сваім сябрам ён пры дапамозе нажа часткова разабраў тушу ласіхі. Схавацца з месца злачынства мужчыны не паспелі, бо іх затрымалі супрацоўнікі Нацпарка. Нож і стрэльбу, кінутыя ў лесе каля дарогі, знайшлі падчас агляду тэрыторыі.

У затрыманых не было пасведчання на права палявання, дазволу на захоўванне і нашэнне зброі, а таксама дазволу на здабычу лася і паляўнічай пуцёўкі.

Шкода навакольнаму асяроддзю склала 13800 рублёў.

Следчыя прад’явілі мужчынам абвінавачванне ў незаконным паляванні, якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры. Мужчынам пагражае да 6 гадоў зняволення.

Цяпер іх адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. На маёмасць абвінавачаных накладзены арышт, у тым ліку і на аўтамабіль, на якім мужчыны прыехалі на «паляванне».

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары