«У нас прамытыя мазгі, што мы можам займацца толькі прапагандаю супраць ЗША»


Нягледзячы на цяжкія ўдары па эканоміцы, Расея працягвае ўкладваць грошы ў агрэсіўную прапаганду. А яна дзейнічае ў тым ліку і на грамадзянаў Еўразвязу.

Амаль месяц таму офіс рэдакцыі „Russia Today”, а дакладней яе дачкі – RT Deutsch, з’явіўся і ў Берліне. Цяпер тэлеканал вяшчае і на нямецкай мове.

Сваёй задачаю нямецкае „Russia Today” называе стварэнне іншай грамадскасці, сваёй місіяй – “паказаць маніпуляцыі медыяў, даць слова людзям з альтэрнатыўным пунктам гледжання, паказаць тое, што звычайна замоўчваюць”. І працуюць яны нібыта з самаіроніяй.

ЛЕА ФРЫНГС, ВЯДОЎЦА ТЭЛЕКАНАЛУ:

„Мы “разумельнікі Пуціна”, марыянеткі Крамля і прыхільнікі тэорыяў змовы. У нас такія прамытыя мазгі, што мы можам займацца толькі антыамерыканскаю прапагандаю”.

„Russia Today” уваходзіць у расейскае інфармагенцтва „Россия сегодня” і на 100% належыць Расейскай Федэрацыі. На інфармацыйную экспансію па-ангельску, іспанску і арабску Масква выдаткоўвае каля 300 мільёнаў еўраў штогод.

БОРЫС РАЙТШУСТЭР, ЖУРНАЛІСТ ЧАСОПІСУ «FOKUS»:

„Гэта як з воспаю. Нямецкія гледачы ўжо не прызвычаеныя да прапаганды і не маюць імунітэту. За гады дэмакратыі ды свабоды слова іх арганізм развучыўся пазнаваць небяспеку, адсюль глыбокая наіўнасць, калі справа датычыць успрыняцця навінаў”.

Нямецкая „Russia Today” пераконвае гледачоў, што ў падзенні малайзійскага “Боінга” над ДНР вінаватае NATO. А гаворачы пра Еўрамайдан, працаўнікі каналу ні слова не кажуць пра падтрымку Януковіча Масквою. Кадры адмыслова паказваюць так, каб прадставіць пратэстоўцаў фашыстамі.

Пакуль што самую ідэалагічна насычаную праграму каналу, што выходзіць па пятніцах, можна паглядзець толькі праз інтэрнэт, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі. І колькасць падпісантаў расце.

МАРСІЛІ КРОНБЭРГ, ПІСЬМЕННІК, ГЛЯДАЧ «RUSSIA TODAY»:

“Шмат хто лічыць, што нашыя вядучыя медыі асвячаюць падзеі аднабока. Таму яны шукаюць альтэрнатыву. RT Дойч – гэта не збалансаваная журналістыка, яны проста хочуць запоўніць інфармацыйныя чорныя дзіркі”.

Асабліва радуюцца рыторыцы новага каналу тыя немцы, што настальгуюць па ГДР. А іншым наадварот, баліць успамін аб грубай прапагандзе.

Праз год Раша Тудэй плануе вяшчаць на 34 краіны свету і мець офісы ў 130 краінах. І хаця тэлеканал мае вялікую колькасць крытыкаў, колькасць яе прыхільнікаў пакуль што толькі пашыраецца.

Жанна Кромер, Берлін, „Белсат”

Стужка навінаў