У найбліжэйшы час у Менску чакаецца чарговая сустрэча трохбаковай кантактнай групы па Украіне


Перамовы ў фармаце Украіна – Расея – АБСЕ з удзелам данбаскіх сепаратыстаў маюць паспрыяць абмену палоннымі.

Прадстаўнік Кіева ў кантактнай групе Леанід Кучма 6 сакавіка заявіў: «Мы не выключаем верагоднасці такой сустрэчы, такая размова была, і сустрэчу планавалі. Усе ўдзельнікі перамоў згадзіліся з тым, што наспявае неабходнасць асабістай сустрэчы ў Менску членаў трохбаковай кантактнай групы і прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласцяў».

У сваю чаргу, прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) у кантактнай групе Дзяніс Пушылін 7 сакавіка заявіў: ДНР выступае за правядзенне вочнай сустрэчы кантактнай групы, «каб не сарваць працэс урэгулявання і надаць канструктыўны характар дзеянням па рэалізацыі комплексу мер па выкананні менскіх пагадненняў». Паводле слоў Пушыліна, на гэтай сустрэчы ДНР прапаноўвае абмеркаваць праблемы абмену палоннымі і амністыі ўдзельнікаў канфлікту ў Данбасе, паведамляе Данецкае агенцтва навін.

12 лютага ў Менску прайшлі шматгадзінныя перамовы ў фармаце «нармандскай чацвёркі» лідараў Украіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны. Паралельна ў Менску праходзіла сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. У выніку быў прыняты комплекс захадаў па выкананні менскіх пагадненняў, падпісаных у верасні 2014 года. Дакумент складаецца з 13 пунктаў, ён прадугледжвае спыненне агню ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай вобласцяў, адвод цяжкіх узбраенняў ад лініі размежавання паміж канфліктуючымі бакамі, абмен палоннымі і шэраг іншых мер па доўгатэрміновым палітычным урэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

Пасля лютаўскай сустрэчы ў Менску прадстаўнікі кантактнай групы працавалі ў рэжыме відэаканферэнцый. Апошняя відэаканферэнцыя адбылася 3 сакавіка.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў