У Нацыянальнай бібліятэцы Люксембургу ўпершыню з’явяцца творы Янкі Купалы... на расейскай мове


Што можна даведацца пра Беларусь, прыйшоўшы ў галоўную бібліятэку адной з самых багатых краінаў свету?

Да Вялікага герцагства Люксембург беларусы могуць мець асаблівыя пачуцці – ужо назваю краіна нагадвае нашае Вялікае княства Літоўскае. Тым больш герцаг у даўнейшыя часы – гэта племянны князь, які ў вайсковай іерархіі займаў наступнае месца пасля караля, таму гэтая краіна па-свойму таксама княства.

Люксембург як і Беларусь мае з усходу ды захаду моцных суседзяў, якія часта ваявалі адзін з адным. Праз гэта герцагства часта пераходзіла з рук у рукі: належала то французам, то немцам, то нідэрландскаму манарху.

Цяпер Люксембург – адна з самых багатых краінаў свету з вельмі высокім узроўнем жыцця. Паводле дадзеных Міжнароднага валютнага фонду, валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва складае тут больш за $ 104 тыс. дол. Да параўнання, у Швейцарыі ВУП на душу насельніцтва складае больш за $ 67 тысячы, у Бельгіі – каля $ 42,5 тыс, у Беларусі – усяго $ 5,6 тыс.

Сталіца адной самай маленькіх суверэнных краінаў свету стракаціць ад банкаўскіх шыльдаў – у горадзе больш за 1 тыс. інвестыцыйных фондаў і каля 200 банкаў. Люксембург прываблівае замежны капітал падатковымі і іншымі ільготамі. А ад гэтага багацеюць і самі люксембуржцы.

Лідарам краіны з’яўляецца Вялікі герцаг Анры, але ягоныя функцыі хутчэй рэпрэзентатыўныя, фактычна краінай кіруе ўрад. Вышэйшы заканадаўчы орган – парламент, у які ўваходзіць 60 дэпутатаў. «Жыхары Люксембургу задаволеныя сваім жыццём, таму тут нават няма гаворкі пра тое, каб рабіць рэвалюцыю і скідаць манарха з трону», – распавёў мой суразмоўца з Люксембургу, каталіцкі святар Люк Шрайнэр.

Ён, як і шмат хто ў герцагстве, мае французскае імя і нямецкае прозвішча. У самім герцагстве выкарыстоўваюць 3 мовы: нямецкую, французскую і люксембургскую. «На вёсцы звычайна людзі гавораць па-люксембургску альбо па-нямецку, у гарадах, дзе жыхары стараюцца выглядаць больш адукаванымі і далікатнымі, пераважае французская мова», – тлумачыць мне святар.

У пачатковай школе выкладанне вядзецца па-люксембургску, што праўда, на гэтай мове тлумачаць, размаўляюць з дзецьмі. Калі ж справа даходзіць да пісання, то вучацца пісаць малыя жыхары герцагства па-нямецку. Навучанне ў старэйшых класах вядзецца пераважна па-французску. Люксембургская мова – пераважна вусная. Немцы ў памежных рэгіёнах гавораць, што ўсё разумеюць на гэтай мове, хоць называць дыялектам яе не спяшаюцца. У часы ІІ сусветнай вайны, калі Трэці Райх акупаваў дзяржаву, самастойнасць тутэйшай мовы не прызнавалася.

[vc_single_image image=”368172″ img_size=”large”]

Самі ж люксембуржцы вельмі ганарацца сваёй мовай, ласкава называюць яе «матчынай». Цяпер яна перажывае свой рэнесанс: штораз часцей на ёй размаўляе моладзь у прыяцельскіх кампаніях, на ёй пішуць смс-паведамленні, спрачаюцца ў інтэрнэце ды прыдумляюць на ёй рэкламу розных прадуктаў. Толькі некалькі гадоў таму ў мясцовым універсітэце з’явілася аддзяленне люксембургскай філалогіі.

Каб атрымаць грамадзянства Люксембургу, трэба абавязкова здаць іспыт на веданне люксембургскай мовы. Чыноўнікі ж здаюць экзамен з 4 моваў: люксембургскай, французскай, нямецкай і дадаткова англійскай. «У нашых афіцыйных установах няма ніякага напружання. Чыноўнікі звычайна пераходзяць на мову звароту», – тлумачыць мне мясцовы святар.

«А суды? Ці працэсы вядуць па-французску, калі грамадзянін, да прыкладу, размаўляе па-нямецку?», – пытаюся я на падставе беларускіх рэаліяў, згадаўшы, што нашыя суддзі не вядуць працэсу па-беларуску, нават калі гэтага патрабуюць падсудныя. «З гэтым складаней, – тлумачыць айцец Люк. – У Люксембургу ўсе законы перадусім пішуцца на французскай мове. Таму вусная частка працэсу можа адбывацца на любой афіцыйнай мове. Што датычыць цытавання законаў ці прысуду – гэта будзе па-французску».

[vc_single_image image=”368204″ img_size=”large”]

У сталіцы маленькай манархіі насамрэч можна адчуць сябе, як у старажытным Вавілоне: з розных бакоў даносяцца разнастайныя мовы. Каля паловы насельніцтва краіны – гэта замежнікі. Штодзённа сюды прыязджаюць на працу тысячы чалавек з Францыі, Нямеччыны і Бельгіі.

Часта, ідучы па ходніку, можна пачуць на вуліцы расейскую мову. «У Люксембургу даволі шмат турыстаў з Расеі, – распавядае айцец Люк. – Можа, яны прывозяць сюды свае грошы ў банк? Цяжка сказаць, чым іх прываблівае герцагства».

У бібліятэцы

Зайшоўшы ў Нацыянальную бібліятэку Люксембургу, якая знаходзіцца каля катэдральнага касцёлу, заўважаю, што на сцяне вісіць фатаграфія манаршай пары – Вялікага герцага Анры з сужонкаю. Запытваю пра літаратуру на беларускай мове – цікава, што на сваёй мове можа тут прачытаць турыст з Беларусі.

Высвятляецца, што ў бібліятэцы ёсць асобны каталог для кніг, пісаных кірыліцай. Аднак у каталогу бачу толькі расейскамоўныя пазіцыі і некалькі кніг на ўкраінскай мове. Працаўнікі бібліятэкі Паскаль Нікаля тлумачыць мне, што гэтыя кнігі бібліятэка атрымала даўней у дар ад савецкіх паслоў. З кніг, якія могуць зацікавіць беларуса, знаходжу ў каталогу збор вершаў Пятруся Броўкі ў перакладзе на расейскую мову 1943 года ды кнігу «Янка Купала. Жизнь и творчество» 1950 года выдання.

А што можна прачытаць пра Беларусь на люксембургскай мове? Высвятляецца, па-люксембургску не існуе ніводнай кнігі пра нашую радзіму, няма таксама перакладаў на гэтую мову нашых класікаў.

Што праўда, ёсць у бібліятэцы пераклады кніг Святланы Алексіевіч і Артура Клінава на нямецкую мову. Упісваю ў электронным каталозе «Беларусь» і замаўляю пяць першых пазіцый. Першая кніга – гэта падборка здымкаў з Беларусі бельгійскага фатографа Філіпа Эбэ. На здымках – піянеры ў чырвоных гальштуках ды дзяўчаты ў кароткіх спаднічках, якіх бельгіец фатаграфаваў на вуліцы. Прыкра, што больш нічога не зацікавіла замежніка ў нашай краіне.

Наступная кніга – «Апошнія сведкі» Святланы Алексіевіч на нямецкай мове. Яшчэ адна публікацыя – зборнік габрэйскіх прыпевак і песенек на ідышу «Наш рэбэ, наш Сталін»… Некаторыя з гэтых песень, пэўна, былі запісаныя ў Беларусі. Прагартаўшы кнігу, я не знайшоў у ёй нічога пра нашую краіну.

Яшчэ адна публікацыя – збор навуковых артыкулаў пад загалоўкам «Расейская энергетычная бяспека і вонкавая палітыка» на англійскай мове. Саліднае выданне, дзе Беларусь, аднак, толькі згадвалася ў некаторых месцах.

Наступная кніга – даведнік з матрошкай на вокладцы для франкамоўных падарожнікаў па Расеі, Беларусі і Украіне. Гісторыя нашай дзяржавы ды Украіны пададзеная разам. Аўтары адзначылі, што ў гэтых краінаў шмат супольных праблемаў, у тым моўная: беларускай ды ўкраінскай мовам была нанесеная шкода расейскаю русіфікацыяй.

Асобна Беларусі ў даведніку адвялі толькі некалькі старонак. На ілюстрацыях – Берасцейская крэпасць, бабуля-пенсіянерка, якая прадае гародніну, дзеці ды маладажоны ў Менску. Гэта лепей, чымся ў выпадку Украіну, звесткі пра якую праілюстраваныя фокамі пажылых вяскоўцаў у фуфайках і з віламі. Асобна складальнікі даведніка адзначана, што ў Беларусі аўтарытарны рэжым.

Якія беларускія кнігі з’явяцца найбліжэйшым часам?

Працаўніца бібліятэкі Ірынай Габышава, якая паходзіць з Расеі, але ўжо некалькі гадоў жыве ў Люксембургу, паведамляе мне, што ў сховішчах ёсць украінскія, літоўскія, грузінскія кнігі, але беларускіх яна ніколі не бачыла. Жанчына, аднак, ахвотна згаджаецца пашукаць беларускіх аўтараў па прозвішчах. Гэтак высвятляем, што ў «нацыяналцы» ёсць творы Васіля Быкава «Аблава», «У тумане», «Сотнікаў», перакладзеныя на французскую мову з расейскай.

«Паколькі пераклад з расейскай, то гэтыя кнігі могуць не з’яўляцца на запыт «Беларусь», – патлумачыла спадарыня Ірына. Ніякіх твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа ў бібліятэцы не аказалася. «Творы беларускіх класікаў будуць замоўленыя. Добра, што вы звярнулі ўвагу, – адзначыла спадарыня Ірына. – Праўда, я думаю, мы будзем замаўляць на расейскай мове. Творы Васіля Быкава трэба замовіць на нямецкай, бо на французскай ёсць, а трэба, каб была моўная раўнавага».

«А ці папоўніце бібліятэчную калекцыю творамі на беларускай мове?», – пытаюся. «Так, безумоўна, трэба паглядзець, што будзе нам даступнае. Мы замаўляем праз Нямеччыну», – адказала працаўніца.

[vc_single_image image=”368205″ img_size=”large”]

А што ў энцыклапедыі?

Не існуе дагэтуль ніводнага тома энцыклапедыі на люксембургскай мове, ёсць толькі лексікон выбітных асобаў, звязаных з Люксембургам. Бібліятэкар Нікаля Паскаль раіць мне пашукаць нешта пра Беларусь, напрыклад, у нямецкамоўнай Энцыклапедыі Бракгаўза. У 21-ым выданні гэтага аўтарытэтнага выдання ёсць даволі вялікі артыкул пра Беларусь. Гаворыцца ў ім таксама пра недэмакратычную палітычную сістэму нашай краіны. Змест жа ілюструецца фатаграфіяй беднай беларускай вёскі з шэрымі драўлянымі хатамі і старым возам на вясковай вуліцы. Такія вазы заўсёды выклікалі захапленне і адначасова здзіўленне ў маіх іншаземных знаёмцаў, якія наведвалі Беларусь.

Іншае фота, якое мае распавесці пра Беларусь, – гэта здымак зімовай рыбалкі ў Драздах. Ёсць і фатаграфія Менску, але, падаецца, яна перанесеная са старых выданняў энцыклапедыі. Артыкул пра беларускае мастацтва праілюстраваны выявай карціны Марка Шагала.

Праверыўшы, якія звесткі можна атрымаць пра Беларусь у Нацыянальнай бібліятэцы Люксембургу, трэба адзначыць, што наўрад ці гэтая інфармацыя надта прывабіць да нас люксембургскіх турыстаў. Застаецца спадзявацца, што ў замежнікаў, якія прачытаюць пра Беларусь у Люксембургу, не прападзе ахвота наведаць нашую краіну.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў