У начным паўмарафоне ў Горадні спартоўцы пабягуць з ліхтарыкамі


У гарадскім забегу возьмуць удзел больш за 250 чалавек з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расеі і Харватыі.

Позна ўвечары 4 жніўня стартуе трэці прабег «Гарадзенская начная дзясятка», які традыцыйна праводзіцца на схілах гарналыжнага комплексу ў парку актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп». Аматарам бегу неабходна будзе пераадолець некалькі дыстанцыяў на выбар па перасечанай мясцовасці.

У праграму спаборніцтваў упершыню ўключылі паўмарафон. На яго дапусцяць толькі ўдзельнікаў з ліхтарыкамі, якім трэба будзе пераадолець дыстанцыю ў 21,1 км: гэта чатыры колы амаль па 5,3 км. Прычым на роўную паверхню прыпадае каля 9 км, яшчэ па 6 км зоймуць стромкія уздымы і спускі.

Ува ўпраўленні спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкаму агенцтву «БЕЛТА» заявілі, што ўдзельнікі змогуць выбраць таксама традыцыйныя дыстанцыі – 3,333 або 10 км (у апошнім выпадку трэба будзе прабегчы тры колы па 3,3 км) – таксама з вялікай колькасцю ўздымаў, спускаў і перападам вышынь.

«Папулярнасць мерапрыемства расце з году ў год. Цяпер заяўкі на ўдзел падалі звыш 250 аматараў бегу з Беларусі, Польшчы, Расеі, Літвы і Харватыі», – распавялі ў аблвыканкаме.

Пераможцаў вызначаць сярод мужчынаў і жанчын у розных узроставых катэгорыях.

Пераможцам уручаць медалі і прызавыя – ад Br 10 да Br 70 у залежнасці ад месца і дыстанцыі, на якой выступаў бягун.

ДД

Стужка навінаў