У начных клубах Тбілісі зладзілі антынаркатычны рэйд – людзі выйшлі на пратэст і збіраюцца ставіць намёты


Стыхійная акцыя пратэсту супраць антынаркатычных рэйдаў у начных клубах суправаджалася сутычкамі з паліцыяй і затрыманнямі.

У ноч на 12 траўня паліцыя зладзіла антынаркатычны рэйд у некалькіх начных клубах Тбілісі. Гэта выклікала абурэнне наведнікаў клубаў і яны выйшлі на пратэст. Паводле афіцыйных звестак, падчас рэйду праваахоўнікі затрымалі восем асобаў, якія маглі прадаваць наркотыкі.

Спецаперацыю правялі пасля таго, як у начных клубах некалькіх чалавек памерлі пасля ўжывання наркотыкаў. Рэйдам папярэднічала расследаванне, якое доўжылася тры месяцы, заявілі ў МУС Грузіі.

Сярод затрыманых падчас акцыі пратэсту апынуўся лідар партыі «Гірчы» Зураб Джапарыдзэ і лідар руху «Белы шум» Бэка Цыкарышвілі. Яны выступаюць за дэкрыміналізацыю марыхуаны.

Рух «Белы шум» паведамляе пра 60 затрыманых. У МУС сцвярджаюць, што ўсіх затрыманых на акцыі ўжо адпусцілі.

12 траўня «Белы шум» распачаў новую акцыю пратэсту. Пратэстоўцы (некалькі тысяч чалавек) збіраюцца паставіць намёты пад будынкам грузінскага парламента.

Яны дамагаюцца адстаўкі прэм’ера Георгія Квірыкашвілі і міністра ўнутраных справаў Грузіі Георгія Гахарыо.

12 траўня 2018 г. Тбілісі (Грузія). Каля 4000 пратэстоўцаў прыйшлі на праспект Руставэлі да старога будынку парламента (новы знаходзіцца ў Кутаісі)

Пратэстоўцы зладзілі каля будынку грузінскага парламента сапраўдны рэйв. Па стане на 19:30 паводле Менску пратэст выглядае вось так.

ЮВ, belsat.eu, паводле kavkaz-uzel.eu

Стужка навінаў