У МЗС Беларусі пракаментавалі заяву Еўразвязу наконт затрыманняў на Дзень Волі


Міністэрства замежных спраў Беларусі звяртае ўвагу ЕЗ на той факт, што ўсе дазволеныя 25 сакавіка мерапрыемствы ў краіне прайшлі без інцыдэнтаў. Пра гэта гаворыцца ў адказе МЗС на каментар прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, якая заявіла, што рэакцыя беларускіх уладаў у Дзень Волі «была непрапарцыйнай».

«У МЗС азнаёміліся з каментаром прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па гэтай тэме. Адзначаем, што ўсе мерапрыемствы, на якія былі атрыманы ва ўстаноўленым парадку дазволы органаў улады, прайшлі арганізавана і без інцыдэнтаў. Праваахоўныя органы дзейнічалі строга ў адпаведнасці з законам. На фоне падзей у саміх краінах – членах Еўрапейскага звязу заявы пра тое, што рэакцыя ўладаў на несанкцыянаваныя акцыі была нібыта непрапарцыйнай, можна расцэньваць як па меншай меры неаб’ектыўныя», – заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Прадстаўнік МЗС адзначыў, што беларускі бок «гатовы да працягу раўнапраўнага дыялогу з Еўразвязам і яго краінамі-сябрамі на аснове ўзаемнай павагі і без падвойных стандартаў».

26 сакавіка Еўразвяз адрэагаваў на затрыманні, якія прайшлі ў Беларусі ў Дзень Волі. Рэакцыю ўладаў на спробу некаторых грамадзян правесці шэсце ў ЕЗ назвалі «непрапарцыйнай».

Нагадаем, што прыкладга 100 чалавек былі затрыманыя да і падчас несанкцыянаванага шэсця, а яго ініцыятары правялі некалькі дзён у ізалятары на Акрэсціна.

КА, belsat.eu, паводле belta.by/tut.by

Стужка навінаў