Крэсла да рэстаўрацыі (2014) і пасля (2016)
У фондах дзяржаўнага музею зʼявілася ўнікальнае крэсла пісьменніка, якое прыйшлося недаспадобы чыноўнікам на радзіме Васіля Быкава.
Гісторыя гэтага прадмета пачынаецца з Віцебская краю. Крэсла знаходзілася ў панскай сядзібе, у вёсцы Бычкі, дзе пасля рэвалюцыі была адкрыта школа. На ім сядзеў настаўнік. У бычкоўскай школе некалькі класаў адвучыўся Васіль Быкаў. З цягам часу школу закрылі і Васіль пайшоў вучыцца ў Белякоўскую сярэднюю школу, затым у Кубліцкую СШ, якую скончыў у 1939 г. (8 класаў). Панская сядзіба запусцела і мясцовыя жыхары пачалі яе разбіраць.
Васіль з сястрой Валянцінай таксама пайшлі ў сядзібу і прынеслі адтуль крэсла. А, каб ніхто не западозрыў, што дзеці скралі крэсла са школы, Васіль выразаў з абодвух бакоў на спінцы крэсла ініцыялы бацькі «Б.В.Х.» (Быкаў Уладзімір Хведаравіч). На сённяшні дзень захаваўся толькі адзін надпіс на асабовым баку.
Месяц таму ў эфіры «Гарачага каментара» валанцёр і журналіст Глеб Лабадзенка распавёў, як ад крэсла, якое спачатку хацелі перадаць у дом-музей Быкава ў Бычках (Ушацкі раён), адмовіліся ўшацкія чыноўнікі. Гэта была, дарэчы, не першая такая адмова, з якой сутыкнуліся валанцёры.
«Ладна тэлевізар, ладна 20 архіўных фотаздымкаў Васіля Быкава, якія мы прывезлі, але яны адмовіліся прыняць крэсла, якому больш за 80 гадоў! Музей Быкава гаворыць мне: забірай гэтае крэсла назад», – адзначыў у эфіры «Белсату» Лабадзенка.
Глеб Лабадзенка ў «Гарачым каментары»
Глеб Лабадзенка і Сяргей Шапран заўважылі крэсла яшчэ ў 2014 годзе, але яно было пашкоджанае: зламаная ножка, спінка, адсутнічала сядзенне. У канцы 2014 года майстар Яўген Зарубайка адрэстаўраваў крэсла. Яго плануюць экспанаваць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Менску або ў Музеі-дачы Васіля-Быкава, што ў Ждановічах.