У музеі Палацу Незалежнасці з'явіўся новы экспанат


Гэта падарунак Міжнароднай федэрацыі футбола кіраўніку беларускай дзяржавы.

22 студзеня афіцыйны трафей Кубка свету па футболе стартаваў з Лондану ў міжнароднае падарожжа напярэдадні чэмпіянату. Падчас гэтага туру кубак наведае 91 горад у 51 краіне на ўсіх кантынентах. 13 лютага кубак прыбыў з Вены ў Менск – гэта здарылася ўпершыню ў гісторыі ўзнагароды.

Перад тым, як яго выставілі ў спартыўна-забаўляльным комплексе Falcon Club, кубак паказалі гасцям Палацу Незалежнасці – беларускім футбалістам, навучэнцам спартовых школаў, журналістам і чыноўнікам.

На ўрачыстасці прысутнічаў таксама Аляксандр Лукашэнка. Напрыканцы цырымоніі прадстаўнік ФІФА Лукас Рахаў уручыў кіраўніку Беларусі маленькую копію Кубка свету. Прэзідэнцкая прэс-служба падае, што яна стане пастаянным экспанатам Палацу Незалежнасці.

Паглядзець на Кубак ФІФА можна будзе сёння да 22-й гадзіны. З Менску трафей адправіцца ў Сафію.

ДД

Стужка навінаў