У МУС не збіраюцца каментаваць публікацыю lifenews.ru пра тое, што палкоўнік ФСБ збег з Беларусі ў Расею пасля абвінавачванняў у пагрозе тэракту


Былога працаўніка ФСБ Расеі, палкоўніка ў адстаўцы, абвінавацілі ў пагрозе здзяйснення тэракту ў менскім аэрапорце, паведаміў расейскі тэлеканал «Лайфньюс» (журналістаў гэтага тэлеканалу неаднаразова абвінавачвалі ў хлусні і падтасоўцы фактаў). 

Прадстаўнік расейскіх спецслужбаў заявіў, што яго збівалі і вымусілі прызнацца ў пагрозах работнікам аэрапорту. Як сцвярджае былы расейскі афіцэр, ён прыбыў на тэрыторыю Беларусі з сынам на пахаванне маці.

Ён сцвярджае, што ў пункце надгляду яму прапанавалі зняць абутак і надзець бахілы. «На гэта я папрасіў не ставіцца да мяне прадузята і дадаў, што сам былы вайсковец. Мяне з сынам адразу адвялі ў адмысловы пакой, адкуль даставілі ў пракуратуру», – сцвярджае ФСБшнік.

Паводле афіцэра, яго збівалі, пагражалі затрыманнем сына, пасля чаго ён прыняў рашэнне пагадзіцца з абвінавачваннем і прызнаць віну.

«Я вырашыў, што на свабодзе змагу хутчэй вырашыць гэтае пытанне, і падпісаў дакументы. Пад вартай я знаходзіўся 10 дзён. За гэты час мой сын злятаў у Маскву і сабраў патрэбную суму для закладу», – сцвярджае расяянін.

Мужчына запэўнівае, што сума закладу была $ 5000. Былы супрацоўнік спецслужбаў кажа, што ён збег у Расею праз адкрытую мяжу, бо баяўся ехаць цягніком ці самалётам.

Расяянін заяўляе, што ў Менску яго абвінавацілі «у пагрозе тэракту» і што падчас службы ён працаваў у аддзеле па супрацьдзеянні экстрэмізму і тэрарызму.

Як патлумачылі «Нашай Ніве» ў Міністэрстве ўнутраных спраў, дадзены грамадзянін няўдала пажартаваў у пункце надгляду, што ў яго ёсць бомба. Адпаведныя службы зрэагавалі на такую заяву згодна са службовымі інструкцыямі. Пад варту жартаўніка не змяшчалі. Кастрычніцкі райаддзел Следчага камітэту праводзіць праверку па гэтай справе.

На пытанне, ці затрыманы зʼяўляецца палкоўнікам ФСБ, выданню адказалі, што «ніякія палкоўнікі ФСБ або грамадзяне Расейскай Федэрацыі ў аэрапорце не затрымліваліся». Справа мела месца 1,5 месяцы таму.

ЮВ, belsat.eu, паводле nn.by

Глядзі таксама
Каментары