У Мінпрацы спрагназавалі, колькі беларусаў трапіць пад абноўлены дэкрэт па дармаедстве


Пад дзеянне дэкрэту № 1 могуць трапіць каля 250 тысяч беларусаў. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Мінпрацы Алег Токун у эфіры праграмы «Актуальны мікрафон».

Паводле Токуна, афіцыйная статыстыка не ведае, чым гэтыя людзі займаюцца.

«Так, магчыма, гэта мігранты, якія з’ехалі. Частка, безумоўна, будзе. Безумоўна, там будзе і частка людзей, якія знаходзяцца ў цені. Тыя, хто працуе нелегальна або без афармлення працоўных адносінаў, альбо сам на сябе, не рэгіструючыся ні рамеснікам, ні іпэшнікам. Такія людзі будуць».

Ён адзначыў, што пад дзеянне дэкрэту патрапяць тыя, хто «знаходзіцца ў працаздольным узросце, гэта значыць у самым росквіце сіл, што называецца, і гадоў».

На думку Алега Токуна, «дэкрэт падштурхне людзей выходзіць з ценю». У дакуменце ўпор зробяць на мясцовыя органы ўлады, якія будуць фармаваць спісы «дармаедаў».

«Гэта будуць аб’яднаныя і базы дадзеных Фонду сацыяльнай абароны, і базы дадзеных тых, хто зарэгістраваўся беспрацоўным. Таксама мы будзем атрымліваць інфармацыю і ад падатковай інспекцыі, хто з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, рамеснікам, выплачвае нейкія іншыя падаткі і зборы. Гэта значыць, мы пастараемся максімальна агрэгаваць і сабраць глабальную базу дадзеных, каб, не дай бог, не памыліцца».

У аснову новага дэкрэту будуць пакладзеныя тыя катэгорыі грамадзянаў, хто раней быў адзначаны ў дэкрэце № 3.

25 студзеня Лукашэнка скасаваў збор з «дармаедаў», але за некаторыя паслугі дзяржавы людзі заплацяць поўны кошт. Аўтары новага дэкрэту №1 хочуць прымусіць гэтак званых «дармаедаў» цалкам аплочваць паслугі, якія субсідуе дзяржава.

Так званы «дэкрэт аб дармаедах» (дэкрэт №3) быў падпісаны 2 красавіка 2015 г. i абавязваў усіх жыхароў Беларусі, якія на працягу як мінімум 183 дзён у годзе не былі афіцыйна працаўладкаваныя, плаціць падатак у памеры 360 беларускіх рублёў. Дэкрэт пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2016 года. «Падатак на дармаедаў» справакаваў масавыя акцыі пратэсту ў Менску і рэгіёнах у лютым-сакавіку 2017 года, якія былі задушаныя сілавікамі. Адначасова з рэпрэсіямі супраць пратэстоўцаў Лукашэнка ўвёў мараторый на спагнанне падатку і паабяцаў прыняць новую рэдакцыю дэкрэту.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў