У Мінабароны РФ распавялі, колькі расейскіх вайскоўцаў прынялі ўдзел у вайне ў Сірыі


Мінабароны Расеі ўпершыню апублікавала падрабязныя афіцыйныя дадзеныя пра колькасць вайскоўцаў, якія прымалі ўдзел у сірыйскай аперацыі. Міністэрства сцвярджае, што з 2015 года ў канфлікце прынялі ўдзел 63 тысячы вайскоўцаў, уключаючы 434 генерала.

Пасля пачатку аперацыі ў верасні 2015 года расейскія ўлады не агучвалі колькасць удзельнікаў канфлікту. Толькі снежні 2017 года міністр абароны Сяргей Шайгу ўпершыню афіцыйна абвясціў аб тым, што «бясцэнны баявы досвед у Сірыі атрымалі больш за 48 тысяч вайскоўцаў расейскай арміі».

Шайгу казаў пра гэта на выніковай калегіі міністэрства абароны, дзе дакладаў прэзідэнту Уладзіміру Пуціну аб выкананні яго рашэння аб вывадзе асноўнай часткі расейскіх войскаў з Сірыі (рашэнне было абвешчанае 11 снежня 2017 года). Атрымліваецца, што праз 8 месяцаў пасля прыняцця рашэння аб вывадзе расейскіх войскаў з Сірыі, колькасць ветэранаў сірыйскай вайны павялічылася на 15 тысяч – то бок амаль на траціну.

Дадзеныя Мінабароны РФ былі апублікаваныя ў афіцыйным канале міністэрства ў YouTube. Паводле афіцыйнай статыстыкі ў вайне ў Сірыі прынялі ўдзел 63 012 расейскіх вайскоўцаў, у тым ліку 25 738 афіцэраў і 434 генерала.

Праз Сірыю прайшлі 91% экіпажаў армейскай, 97% ваенна-транспартнай і 60% стратэгічнай авіяцыі Расеі. У выніку ўдараў Расеі, як заяўляе Мінабароны, забітыя больш 86 тысяч баевікоў і 830 іх лідараў.

ІІ, belsat.eu, паводле BBC

Стужка навінаў