У Міколы Аўтуховіча гіпертанічны крыз


Хуткая дапамога забрала яго з працы ў ваўкавыскі шпіталь.

Сёння завяршаўся тэрмін прэвентыўнага нагляду над былым палітвязнем, але ўчора ўвечары міліцыянты спрабавалі перадаць яму новую позву. Пра гэта Мікола Аўтуховіч напісаў у сацсетках.

«Цырк працягваецца! 5 жніўня а 22:20 супрацоўнікі міліцыі спрабавалі ўручыць мне позву ў суд на заўтра. Другі дзень запар мяне ўвечары апавяшчаюць аб судовых працэсах, якія пачынаюцца раптам ужо на наступную раніцу».

Мікола Аўтуховіч моцна расхваляваўся з-за адмены калегіяй гродзенскіх абласных суддзяў рашэння Ваўкавыскага раённага суду ад 17 ліпеня, паводле якога органам міліцыі адмаўлялася ў падаўжэнні прэвентыўнага нагляду.

– У мяне вельмі высока скочыў ціск. Яшчэ ўчора перахваляваўся з гэтымі суддзямі, бо ніяк нельга было выносіць такое беспадстаўнае рашэнне. А яшчэ ўчора ў 22.20 прынеслі мне позву ў суд. А сёння прыйшоў на працу, і мне стала дрэнна, пачало ванітаваць, балела галава, і дырэктарка выклікала хуткую. Цяпер ляжу ў шпіталі, а мой адвакат пайшоў у суд, і я пакуль нічога ня ведаю, што там будзе далей. Хоць думаю, што могуць справу разгледзець і без мяне, у нашай краіне магчымы і такі варыянт, – сказаў ён «Радыё Свабодзе».

Сёння ў Ваўкавыскім раённым судзе а 14:30 пачаўся паўторны суд, каб працягнуць над ім прэвентыўны нагляд. Учорашні суд перанеслі знянацку, і ён застаўся без абароны. На сённяшнім суддзе Аўтуховіча прадстаўляе ягоны адвакат.

За год у прадпрымальніка не было парушэнняў за выключэннем аднаго інцыдэнту. 6 жніўня летась ён паехаў у Горадню па працоўных справах, і яго затрымалі за выезд з раёну без дазволу. Тады Аўтуховіч панёс адміністратыўную адказнасць.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў