У Мікалая Статкевіча на беларуска-польскай мяжы канфіскавалі падораны пыласос і два кубкі «Белсату»


Палітык вяртаўся разам з жонкаю Марынай Адамовіч з Польшчы ў Беларусь.

Іх аўтамабіль у ноч на 12 красавіка затрымалі памежнікі ў Бераставіцах, пра што напісаў у сваім «Facebook’у» Юрась Адамовіч – сын Марыны Адамовіч.

«Аўтамабіль загналі ў бокс, праводзяць поўны агляд машыны. Нешта «шукаюць». Трымаюць дзве гадзіны, хоць прайшлі поўны кантроль».

На мяжу выклікалі судовых выканаўцаў, каб правесці вопіс агульнай маёмасці. У выніку канфіскавалі аўтамабільны пыласос (падарунак Юрыя Адамовіча маці, пры тым, што падарункі канфіскату не падлягаюць) ды два кубкі «Белсату».

Былому палітвязню налічылі вялікія штрафы за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, якія ён не хоча аплочваць. За няплату яму пагражаюць забаронай на выезд за мяжу.

Неўзабаве фірмовыя кубкі «Белсату» могуць зʼявіцца ў адной з дзяржаўных крамах з канфіскатам. Гэтак у 2012 годзе на прылаўках з канфіскатам заўважылі адабраныя на мяжы часопісы «Arche».

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары