14 асобаў загінулі ад выбуху ў метро Санкт-Пецярбурга. Ёсць фота меркаванага тэрарыста


 

Усе станцыі санкт-пецярбургскага метро зачыненыя на ўваход і выхад. На месца прыбылі супрацоўнікі МНС.

У выніку выбуху загінулі 14 і атрымалі раненні 50 асобаў.

Расейскі міністр аховы здароўя Вераніка Скварцова паведаміла, што ў выніку тэракту ў метро Санкт-Пецярбурга загінулі 10 чалавек – сямёра памерлі на месцы, адзін чалавек – у «хуткай», двое – у шпіталі. Яшчэ сорак чалавек пацярпелі.

Выбух прагрымеў у цягніку падчас пераезду паміж станцыямі «Сенная плошча» і «Тэхналагічны інстытут» у цэнтры гораду а 14:30.

Выбух адбыўся падчас сустрэчы Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнікі дзяржаваў не спынілі размову.

Прэс-сакратар Пуціна падаў, што прэзідэнт Расеі пра тэракт ведае.

 «Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам адбываецца далёка ад месца трагедыі ў прыгарадзе Санкт-Пецярбурга Стрэльне», – заявіў Пяскоў.

Пуцін ужо заявіў, што ўлады зробяць усё, «каб дапамагчы ахвярам выбуху».

Паводле расейскага лідара, спецслужбы разглядаюць тры версіі таго, што здарылася: тэракт, бытавую і крымінальную.

На фотаздымках, якія патрапілі ў інтэрнэт, бачныя пашкоджаны вагон і некалькі целаў пацярпелых.

Паводле Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэту, у выніку выбуху загінулі дзесяць асобаў, яшчэ «дзясяткі» – пацярпелі.

У маскоўскім метро ўзмацнілі меры бяспекі. Услед за гэтым меры бяспекі ўзмацнілі ў менскім метрапалітэне.


19:00 Тэрарыст, які заклаў бомбу ў метро, трапіў на камеры назірання. Паводле “Інтэрфаксу”, выбухоўку ён схаваў у партфелі і пакінуў у вагоне цягніка.

Выданне «Фонтанка» апублікавала фатаграфію падазраванага ў тэракце. Здымкі не афіцыйныя.

18:23 У Санкт-Пецярбургу аб’явілі трохдзённую жалобу.

17:35 «Інтэрфакс» падае, што камеры відэаназірання зарэгістравалі магчымага тэрарыста.

16:40 Генеральная пракуратура Расеі назвала выбух у метро Пецярбурга тэрактам.

«Пракуроры зробяць усё, што ад іх залежыць, каб удакладніць ўсе моманты, якія спрыялі ўчыненню гэтага тэракту, і каб падобнае ў будучыні не паўтаралася», – цытуе афіцыйнага прадстаўніка пракуратуры Аляксандра Курэннога тэлеканал «Дождь».

16:15 Следчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу. 10 загінулых – ужо афіцыйныя лічбы. (Пазней НАК удакладніць: усё ж такі дзевяць.)

15:55 Расейскія медыі падаюць, што на Плошчы паўстання знайшлі яшчэ адну бомбу, якая не разарвалася.

15:40 Усе станцыі санкт-пецярбургскага метрапалітэну зачыненыя.

15:39 Каля станцыі метро «Тэхналагічны інстытут» прызямляюцца верталёты медыкаў.

ДД; фота: ВП; «Інтэрфакс»

Стужка навінаў