Бітва за сталіцу: менчукі змагаюцца за свой горад


Новы генеральны план беларускае сталіцы, прэзентаваны ў палове кастрычніка, прадугледжвае маштабнае ўшчыльненне Менску і ўсцяж выклікае абурэнне яго жыхароў. Адстаяць горад перад чыноўнікамі і забудоўнікамі мусяць самыя грамадзяне. Да барацьбы за Менск далучылася Аб’яднаная грамадзянская партыя, якая зарганізавала збор подпісаў супраць забудовы сталіцы.

Ушчыльненне раёнаў і непрадуманая забудова – праблема ўсяго Менску. Гэтак мяркуюць актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія зарганізавалі сёння збор подпісаў за падаўжэнне тэрмінаў абмеркавання Генеральнага плану забудовы сталіцы ды за захаванне менскага гістарычнага цэнтру. АГП зарганізавала збор ля ўваходу на Камароўскі рынак.

«Так забудавалі, і спрабуюць уціснуць туды, дзе ўжо ёсць камунікацыі, што людзям проста не застаецца зялёных зонаў для прагулак», – абураюцца жыхары Менску.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька зазначае, што беларусаў трэба вяртаць ва ўдзел у кіраванне, каб яны не аддавалі сваіх лёсаў у рукі чыноўнікаў.

«Мы б хацелі як мага больш людзей зрабіць больш актыўнымі, каб яны выйшлі за межы дыскусіі сваёй уласнай кватэры. Гэта галоўнае. І канешне, гэта пасыл уладзе, гарадскім уладам. Калі сотні і тысячы людзей падпісваюцца, гэта ігнараваць нельга», – упэўнены лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Яшчэ адна мэта актывістаў – праверыць рэакцыю ўладаў на вулічную актыўнасць. Акцыя прайшла без затрыманняў, сабрана каля 200 подпісаў.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Стужка навінаў