У Менску працуе кантактная група па Украіне


Сустрэча групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне праходзіць у фармаце Украіна – Расея – АБСЕ – сепаратысты Данбасу. Пасяджэнне праходзіць у менскім «Прэзідэнт-гатэлі».

Украінскі бок на перамовах прадстаўляе былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расейскі — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні (Adelheid Tagliavini), самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі — прэм’ер-міністр ДНР Аляксандр Захарчанка і віцэ-прэм’ер Андрэй Пургін, а таксама прэм’ер ЛНР Ігар Плотніцкі і старшыня Вярхоўнага савета самаабвешчанай рэспублікі Аляксей Каракін.

Паводле УНІАН, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка дапусціў, што калі кантактная група дасягне згоды адносна мірнага плану, яна можа абвясціць аб двухбаковым спыненні агню.

Але ў выпадку зрыву перамоваў, як адзначыў украінскі прэзідэнт, можа быць запушчаны іншы варыянт, які прадугледжвае рашучыя дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў.

«Интерфакс» паведамляе, што ДНР на паседжанні ў Менску будзе прадстаўляць прэм’ер самаабвешчанай рэспублікі Аляксандр Захарчанка.

Тым часам прэзідэнта Расеі Уладзімір Пуцін нядаўна агучыў свой план мірнага ўрэгулявання. Сярод іншага Уладзімір Пуцін прапаноўвае выключыць выкарыстоўванне баявой авіяцыі ў зоне канфлікту, а таксама абмяняць асобаў, якія гвалтоўна ўтрымоўваюцца, па формуле «усіх на ўсіх» без нейкіх папярэдніх умоваў. Расея па-ранейшаму не прызнае факту, што яе жаўнеры ўздзейнічаюць у баявых дзеяннях на Данбасе.

Тым часам падчас саміту НАТО, які зараз адбываецца ва Уэльсе і які наведаў Пётр Парашэнка, была дасягнутая дамоўленасць аб пастаўцы ва Украіну высокадакладнай зброі. Украінскі прэзідэнт падкрэслівае, што дамоўленасць датычыцца асобных краін-удзельніц альянсу, а не альянсу ў цэлым. Варта дадаць, што генеральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заклікаў Расею вывесці свае войскі з Данбасу.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў