У Менску затрымалі яшчэ аднаго бізнесоўца з Расеі


У Менску супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Беларусі затрымалі 45-гадовага грамадзяніна Расеі, выхадца з Грузіі, які некалькі месяцаў знаходзіўся ў міжнародным вышуку. У Расеі мужчыну абвінавачваюць у здзяйсненні цяжкага эканамічнага злачынства.

Як паведамляе МУС Беларусі, затрыманы – дырэктар будаўнічай арганізацыі, якая ўдзельнічае ва ўзвядзенні касмадрому «Восточный» у Амурскай вобласці. На думку следства, фірма атрымала папярэднюю плату каля Ru 4 млн рублёў, якая была выдаткаваная на фінансава-гаспадарчую дзейнасць, не звязаную з будаўніцтвам аб’екта, паведамляюць naviny.by.

У дачыненні да службовай асобы названай арганізацыі ўзбудзілі справу па ч. 4 арт. 160 Крымінальнага кодэксу РФ (прысваенне або растрата, то бок раскраданне чужой маёмасці, даручанай вінаватаму, у асабліва буйным памеры).

Фігуранту крымінальнай справы ўдалося схавацца. Пра тое, што абвінавачаны можа знаходзіцца ў Менску, у Галоўнае ўпраўленне крымінальнага вышуку МУС Беларусі стала вядома ў канцы траўня. Цягам тыдня сілавікі высветлілі, дзе знаходзіцца падазраваны.

Пошукавыя акцыі завяршыліся затрыманнем расейца на вуліцы Фабрычнай у аўтамабілі, зарэгістраваным у Краснадарскім краі. Гэты аўтамабіль ужо пару месяцаў перыядычна бачаць на менскіх вуліцах. Яго адметная асаблівасць – кузаў машыны ўпрыгожаны крышталямі фірмы «Swarovski». Момант затрымання відавочцы выклалі ў сеціва.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Затрыманы змешчаны пад варту. Вырашаецца пытанне пра ягоную экстрадыцыю.

На мінулым тыдні з’явілася інфармацыя пра затрыманне ў Менску расейскага бізнесоўца Максіма Фінскага, які ўцёк з-пад хатняга арышту ў Маскве. Паводле расейскага рэсурсу yodnews.ru, які распаўсюдзіў гэту інфармацыю, Фінскага ўтрымліваюць у СІЗА КДБ Беларусі. Аднак Камітэт дзяржбяспекі зняпраўдзіў інфармацыю аб затрыманні бізнесоўца.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў