У Менску затрымалі топ-чыноўніцу з Міністэрства аховы здароўя


Працаўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі па падазрэнні ў атрыманні хабару затрымалі начальніка упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людмілу Рэвуцкую.

Гэтую інфармацыю TUT.BY пацвердзілі ў ГУБАЗіК.

  • Затрыманні і арышты ў медычнай сферы ідуць ужо некалькі месяцаў. Асноўная частка крымінальнах справаў тычацца карупцыі пры закупах медычнага абсталявання і лекаў. У межах так званай «справы медычных функцыянераў» былі затрыманыя больш за 60 асобаў (у тым ліку 37 чыноўнікаў). «На жаль, факты карупцыі здараюцца ўсюды, але ў ахове здароўя праблема стала не кропкавай, а скразной, сістэмнай. Яна закранула не асобных службовых асобаў, а закранула практычна ўсю вертыкаль – ад прыватнікаў, вайскоўцаў, дзяржаўных служачых да Міністэрства аховы здароўя, а можа быць, і вышэй, следства разбярэцца», – заявіў Лукашэнка.
  • Паводле КДБ, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Ганконгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. Праз карупцыю кошт і лекаў, і абсталявання завышалася на 10-60%, у асобных выпадках на 100%.
  • Сярод арыштаваных – намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў ды інш. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце, у Бялецкага – каля $ 500 тыс.
  • У сярэдзіне жніўня Камітэт дзяржбяспекі паведаміў, што шэраг медыкаў вызвалілі з-пад варты «у сувязі з завяршэннем з шэрагам абвінавачаных асноўных следчых дзеянняў, іх дзейным раскаяннем і супрацай са следствам». Яны вярнуліся да працы ў медычнай сферы, аднак цяпер ім забаронена займаць кіроўныя пасады.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў