У Менску затрымалі саўладальніка сеткі крамаў морапрадуктаў


Упраўленнем Следчага камітэту па Менску распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да дырэктара кампаніі па аптова-рознічным гандлі морапрадуктамі, які з’яўляецца таксама яе сузаснавальнікам.

«Паводле атрыманых у ходзе праверкі звестках, падазраваны рэалізоўваў прадукцыю за наяўны разлік у крамы і сталічныя рэстараны. Пасля выручаныя сродкі не адлюстроўваліся ў бухгалтарскім уліку. Такім чынам кіраўнік таварыства ў перыяд са студзеня 2015 года па ліпень 2017 года наўмысна заніжаў падатковую базу, у выніку чаго ўхіліўся ад выплаты падаткаў на суму больш за 245 000 рублёў», – паведамляюць у СК.

Падазраваны затрыманы і адпраўлены ў СІЗА. На ягоную маёмасць накладзены арышт.

СК не паведамляе назву сеткі крамаў, аднак, паводле TUT.by, гаворка ідзе пра ТАА «Джон Доры». Кампанія спецыялізуецца на пастаўках рыбы і морапрадуктаў, у тым ліку аптовых. У яе працуе шэсць рознічных кропак у Менску, у буйных гандлёвых цэнтрах, у тым ліку чатыры ў гіпермаркетах Green. Адна крама працуе ў Берасце, у пачатку лютага адкрываецца крама ў Віцебску.

 

ІІ, belsat.eu. Фота – virtualbrest.by

Стужка навінаў