У Менску затрымалі расейскага бізнесмена Максіма Фінскага, які ўцёк з-пад хатняга арышту?


У Менску затрымалі і змясцілі ў СІЗА КДБ расейскага бізнесмена Максіма Фінскага – былога дырэктара кампаніі «Интергео» і былога партнёра алігарха Міхаіла Прохарава, кіраўніка групы кампаній «ОНЭКСИМ».

Пра гэта паведамляе партал naviny.by са спасылкай на расейскі сайт yodnews.ru.

У Расеі ў дачыненні да Фінскага ўзбуджана крымінальная справа па арт. 159 ч. 4 Крымінальнага кодэксу РФ – «Махлярства, здзейсненае арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры, або такое, якое пазбавіла права грамадзяніна на жылое памяшканне». Санкцыі паводле дадзенага артыкулу прадугледжваюць пакаранне пазбаўленнем волі на тэрмін да 10 гадоў са штрафам да Ru 1 млн.

Спачатку Фінскага ўтрымлівалі ў СІЗА, затым перавялі пад хатні арышт.

Паводле yodnews.ru, бізнесмен зрэзаў электронны бранзалет, які кантраляваў яго перамяшчэнне, і выехаў у напрамку Менску на машыне службы бяспекі Прохарава.

У Беларусь Фінскі прыехаў нібыта з фальшывым пашпартам на імя нейкага Уласава. Ён планаваў з Менску вылецець у Франкфурт, а адтуль – у Маямі.

Расейскія аператыўнікі прыляцелі па Фінскага ў Менск, аднак у экстрадыцыі затрыманага ім адмовілі.

У Камітэце дзяржбяспекі Беларусі не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць інфармацыю пра тое, што Максім Фінскі цяпер утрымліваецца ў іх у СІЗА, удакладняе sputnik.by.

Як паведаміла крыніца блізкая да праваахоўных органаў Беларусі, Міхаіл Прохараў накіраваўся асабіста ў Менск, каб прасіць ўза свайго партнёра.

У прэс-службе групы «ОНЭКСИМ» сайту yodnews.ru паведамілі, што пра месцазнаходжанне Максіма Фінскага ў дадзены момант ім нічога невядома. Там таксама патлумачылі, што Фінскі з’яўляецца чальцом рады дырэктараў «Интергео» – і гэта «адзіны фармат яго перасячэння з бізнесам «ОНЭКСИМ».

МЯ, паводле naviny.by, yodnews.ru, sputnik.by

Стужка навінаў