Злачынец, які ўзяў закладніцу, знаходзіцца ў шпіталі


Злачынец, які здзейсніў напад на пункт абмену валют у менскім гандлёвым цэнтры «Шчасце», нейтралізаваны. Закладніца вызвалена, паведаміў журналістам прэс-сакратар менскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі.

Ён таксама дадаў, што «доўгія перамовы са злачынцам плёну не прынеслі».

Спадар Ластоўскі расказаў, што нападніка нібыта забрала хуткая дапамога. Касірцы лекары і псіхолагі аказалі дапамогу на месцы.

Як паведаміла журналістам афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова, распачата крымінальная справа па факце захопу закладніка. Напад здзейсніў мужчына сярэдніх гадоў, дадала яна.

Невядомы злачынца зачыніўся ў пункце абмену валютаў у гандлёвым цэнтры «Шчасце» на праспекце Незалежнасці разам з касіркаю, якую ўзяў у закладніцы. Месца злачынства ачапілі міліцыянты. Паводле Следчага камітэту, мужчына пагражаў касірцы «прадметам, падобным на пісталет».

Відавочца здарэння Сяргей паведаміў наступнае: «Ён (нападнік – belsat.eu) стаяў побач, а яна (касірка – belsat.eu) на абед выходзіла. Ён запіхаў яе ўнутр і забег сам. Замкнуў за сабой дзверы. У гэты час падбеглі мужчыны, якія працавалі побач, і падперлі дзверы, каб нападнік не ўцёк. Кажуць, у яго быў пісталет, але я сам не бачыў. Касір крычала, ахоўнікі націснулі трывожную кнопку».

МЛ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў