У Менску з'явіцца акумулятарны завод


Падчас уручэння кампаніі «АртСтылІнвест» пасведчання аб рэгістрацыі ў Свабоднай эканамічнай зоне «Менск». Гэты здымак, які апублікавала прэсавая служба СЭЗ

У Свабоднай эканамічнай зоне «Менск» зарэгістравалі новага рэзідэнта – таварыства з абмежаванай адказнасцю «АртСтылІнвест». Прадпрыемства размесціцца ў мікрараёне Шабаны. Яно зоймецца вытворчасцю прамысловых акумулятарных батарэяў і зарадных прыладаў. Акрамя таго, кампанія мае намер наладзіць сэрвіс па рамонце і тэхнічным абслугоўванні акумулятарных батарэяў.

Агенцтва «Прайм прэс» падае, што сума праекту – $ 1 млн. Імаверна, «АртСтылІнвест» плануе адкрыць зборачную вытворчасць: эксперты распавялі TUT.BY, што пабудаваць завод за такія грошы немагчыма.

«АртСтылІнвест» стане адзіным прадпрыемствам у Беларусі, якое выпускае шчолачныя прамысловыя акумулятарныя батарэі і зарадныя прылады да іх. Старонка СЭЗ «Менск» піша, што на сёння гэткі тавар цалкам імпартуецца.

СЭЗ «Менск» стварылі ў 1998-м годзе з мэтай прыцягнення айчынных і замежных інвестыцыяў для стварэння вытворчасцяў, заснаваных на новых і высокіх тэхналогіях. Прадпрыемствы СЭЗ займаюцца машынабудаваннем і металаапрацоўкай, хімічнай і нафтахімічнай, лясной і будаўнічай прамысловасцю.

Сваю працу ў СЭЗ «АртСтылІнвест» пачне на пачатку наступнага года.

Напрыканцы 2017 года кампанія «iPower» распачала будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці. Гэта выклікала пратэсты мясцовых жыхароў. Пад зваротам супраць заводу падпісаліся амаль 40 тысячаў чалавек. Справу пад асабісты кантроль абяцаў узяць Аляксандр Лукашэнка. Аднак у красавіку стала вядома, што будучы завод у Берасці ўжо шукае працаўнікоў.

ДД

Стужка навінаў