У Менску з'явіліся «непераадольныя перашкоды» для дазволенага канцэрту Вайцюшкевіча


Канцэрт гурта «WZ-orkiestra», у якім спявае Зміцер Вайцюшкевіч, нечакана адмянілі пасля таго, як яго правядзенне было ўзгодненае з уладамі і быў распачаты продаж квіткоў.

Следам за канцэртамі праектаў Сяргея Міхалка і «Народнага альбому» гастрольнае пасведчанне атрымалі арганізатары канцэрту Змітра Вайцюшкевіча і гурта «WZ-Orkiestra». Імпрэзу планавалася правесці 8 студзеня ў менскай канцэртнай зале «Атлант».

Рэкламная кампанія і продаж квіткоў стартавалі на мінулым тыдні. Сам выканаўца быў настроены аптымістычна і выказаў спадзеў у каментары для Tuzin.fm, што гэтая адліга ўсурёз і надоўга. Гурт «WZ-orkiestra» рыхтаваў вялікую праграму, куды меліся ўвайсці найлепшыя песні Змітра Вайцюшкевіча – ад альбому «Цацачная крама» да «Каметы» – дыска, які быў прызнаны альбомам месяца на Tuzin.fm сёлета ў лістападзе.

Аднак 7 снежня продаж квіткоў быў спынены, а ў афішы зʼявілася пазнака «Адмена». Арганізатар канцэрту Вячаслаў Гулевіч паведаміў Tuzin.fm, што яму было нечакана адмоўлена ў арэндзе пляцоўкі, нягледзячы на папярэднюю дамоўленасць і наяўнасць гастрольнага пасведчання.

Як патлумачылі Tuzin.fm у дырэкцыі КЗ «Атлант» у іх зʼявіліся непераадольныя перашкоды – завод «Атлант» сыходзіць на зімовыя вакацыі, ажно да 16 студзеня 2017 года, таму абслужыць гэтую імпрэзу немагчыма.

Ад 2010 года Зміцер Вайцюшкевіч пазбаўлены магчымасці легальна выступаць на Радзіме. Ягоныя канцэрты па ўсёй Беларусі зрываюцца з розных прычынаў.

МЯ, паводле tuzin.fm

Стужка навінаў