У Менску з’явілася вялізнае графіці на беларускай мове з «лепшай птушкай года»


У сталіцы з’явілася графіці з гогалем.

«Па пяру для гогаля!» – яшчэ летась «Ахова птушак бацькаўшчыны» (АПБ) звярнулася да жыхароў Беларусі і пачала краўндфандынгавую кампанію па зборы грошай на графіці з гогалем – птушкай 2016 года ў Беларусі. Патрэбную суму сабраць не змаглі, аднак АПБ ад сваёй ідэі не адмовілася.

На ўзгадненне спатрэбілася некалькі месяцаў, паведамілі ўчора ў грамадскай арганізацыі, распавядаючы пра тое, што вялізнае графіці нарэшце з’явілася на сцяне аднаго з дамоў менскага спальнага раёну (на вул.Парніковай).

Маляваў графіці стрыт-арт мастак творчага дуэту «Tak Tak» Алесь Благій.

«Я намаляваў ужо больш за 10 графіці з птушкамі. Кожны сюжэт для мяне – гэта выклік. І часта да апошняга я не ведаю, якім будзе вынік. Я рады, што цяпер сярод менскіх графіці зʼявіўся і гэты гогаль, які ляціць на заходзе. Пакуль маляваў, падыходзіла шмат людзей, пыталіся, што гэта тут адбываецца. Я маляваў наверсе, так што лікбез праводзіў кіроўца падʼёмніка. З вясёлага – адна жанчына сказала «Чаму вы малюеце нейкую невядомую птушку, можна ж намаляваць тых, хто жыве ў нас: бусла, напрыклад». Так што вельмі важна маляваць птушак і паказваць людзям, як багатая наша прырода», – адзначае Алесь.

У Менску ўжо ёсць графіці з вушастай савой – птушкай 2015 года. Гогаль, птушка 2016, цяпер таксама застанецца на памяць менчукам і гасцям гораду. Ужо вядома, што сваё графіці будзе і ў птушкі 2017 гады – жаўрук-смяцюх.

НМ belsat.eu

Стужка навінаў